Бяздольная шклянка
Сон
- Пайшлі ў кіно, - сказала Люда Міхаленя, - толькі хутчэй, а то спознімся, - і мы з ёй пабеглі, узяўшыся за рукі, у кінатэатр "Цэнтральны".
Квіткоў на сёння не было ні на адзін сеанс.
- Пайшлі на мультыкі, - сказала Людка, - бачыш, на дзевятнаццаць ёсць квіткі на дзіцячы сеанс, на мультыкі…
"Будзем сядзець разам з двухгадовымі малянятамі…", - падумала я, - "Ну, і хай. Раз вырашылі ісці - трэба ісці…"
Разглядваю выдадзеныя нам два зялёных прастакутніка. На адным назва фільма напісана тры разы, і ўсе назвы розныя. На другім - таксама. Усяго шэсць назваў… Якая з іх - наш фільм, і ў якую залу нам ісці? Звяртаюся з пытаннем да адміністратара, якая стаяла тут, ля кас.
- Мультыкі будуць паказваць у гэтай зале, - сказала яна нам, паказваючы на дзверы. - Калі чымсьці не задаволены, калі ласка, у нас ёсць кніга скарг і прапаноў…
- Не, дзякуй, - сказала я, - Якія скаргі. Вы ж паказалі, у якую залу нам ісці. Нам гэтага досыць…
***
…Стаю ў туалеце са шклянкай у руцэ. У вушах гучыць Людкін голас: "Спачатку шклянку трэба разбіць, а затым аскепкі кінуць ва ўнітаз і змыць. Усю заразу знясе…". Я з гэтай шклянкі давала камусьці піць ваду. Зараз шклянку трэба знішчыць.
Калі я яе разаб'ю, то аскепкі па ўсёй падлозе рассыплюцца. Як я тады іх збіраць буду?
Я паклала шклянку ва ўнітаз, як ёсць, цэлую. Націснула на спуск, і магутны струмень вады панес шклянку ў нетры каналізацыі.
Ну, вось, і разбіваць не трэба.
Потым гляджу, а шклянка зноў у мяне ў руцэ. Як ад яе пазбавіцца?
Выйшла ў пад'езд. На лесвічнай пляцоўцы замест акна вузкая, як амбразура, шчыліна, у якую віднеецца брыль над уваходнымі дзвярамі. Дарогі не відаць: брыль засланяе.
Я размахнулася і шпурнула шклянку ў шчыліну, за брыль, на нябачную дарогу.
Тут жа прычуўся абураны голас:
- Хто там шклянкамі кідаецца?
І другі, спакойны:
- Калі ён прыбярэ аскепкі, мы яго прабачым.
***
Выходжу з пад'езда прыбіраць аскепкі. А аскепкаў на дарозе - бачна-нябачна… І некалькі чалавек іх добрасумленна збіраюць. Я таксама далучылася да іх. Калі пачнуць па адбітках пальцаў вызначаць, хто кінуў шклянку, то заблытаюцца.
***
У канцы дарогі з’явіўся бульдозер, які гнаў перад сабой высокі вал вады.
Ну, вось, усё змые разам з адбіткамі пальцаў…
Потым мне стала чамусьці страшна, і я ўцякла ў дом.
З вышыні другога паверху я бачыла, як бульдозер спрабуе праціснуцца праз уваходныя дзверы.
Я хуценька ўцякла ў сваю кватэру.
***
У дзверы хтосьці пастукаў. На парозе стаяла Шульга Людміла, мая суседка, якая два гады назад памерла. Я ўтаропілася на яе са здзіўленнем. Як такое можа быць? Яна была ніжэй сябе самой, жывой, на галаву, з велічэзным сіняком пад левым вокам. Праз увесь сіняк ішоў глыбокі парэз.
- Мне трэба з табой пагаварыць, - сказала Людка, - У Машы нікога дома няма, пайшлі туды. Толькі не намякай мне ні на што.
- На што не намякаць? - яхідна спытала я, - На тое, што ты ўжо памерла, ці што?
Людка схапіла мяне за плечы і прысмакталася да шыі.
"Ну, вось, вампір", - падумала я тужліва і прачнулася.