Выпадковы малюнак

Ляксандра Зпад Барысава
Выпадковы малюнак

 Сон

 ...Добра ў адпачынку. Спіш не па графіку, а калі жадаеш і, галоўнае, колькі жадаеш, пакуль вочы не стомяцца знаходзіцца ў заплюшчаным стане.

 Вось, і цяпер. Прылягла падрамаць на гадзінку, а то штосьці ўжо цяжка на душы стала. І толькі заплюшчыла вочы, яшчэ і не сплю нават, а ўжо бачу за закрытымі павекамі бясконцую пагорыстую раўніну, ці то поле, ці то стэп. І калышыцца на ўсёй бачнай прасторы густое жыта. А па дарозе, якая пралягала ў жыце, едуць простыя калёсы туды, у стэп, у працілеглы бок ад мяне. І сядзяць на тых калёсах спіной да мяне тры дзяўчыны ў простых прамых сукенках колеру мешкавіны. Валасы ў дзяўчын распушчаны, а на галовах вянкі з белых кветак.

 З якога фільма гэты кадр? Не ведаю. Што я напярэдадні чытала? Перачытвала О.Генры "Каралі і капуста"

 Можа, гэтыя дзяўчыны збіралі дзядоўнік на палях, так патрэбны для абутковага гандлю ў Анчурыі. І зараз стомленыя вяртаюцца дахаты. Можа, О.Генры думаў пра іх, калі пісаў сваю кнігу. І яго думкі затрымаліся паміж радкоў. І зараз усплылі ў форме малюнка ў маім сне.