Гисторыя з сабакам

Ляксандра Зпад Барысава
Гісторыя з сабакам

 …Выгульваю свайго сабаку за домам на дзіцячай пляцоўцы і здзіўляюся пры гэтым: няма ў мяне ніякага сабакі, а я яго выгульваю… Ну, і добра… Бяжыць сабака наперадзе мяне, нюхае прыдарожную траўку, а я за ланцужок трымаюся. Усё як трэба ў прыстойных сабакарак. Насустрач яшчэ адна сабакарка з сабакам. Каб прадухіліць патэнцыйную калатніну, бяру свайго сабаку на рукі, і так праходжу міма іх. І сабакарка і сабака чужы праводзяць мяне вачыма. Сабакарка ўхваляльна, а сабака - з прыкрасцю. 

 Калі я мінула іх, мой сабака стаў вырывацца ў мяне з рук, накшталт, ах, пусці, хопіць, далей сам пайду… Ну, я яго і адпусціла. Ідзём далей.

 …Калі мы праходзілі пад аркай, ззаду нас з'явілася небяспека. Я проста спіной адчула, што нас пераследваюць два монстра. Хутчэй-хутчэй у пад'езд, дамафон іх затрымае.

 Падняўшыся на другі паверх, я пачула, што монстры ўжо ў пад'ездзе, паднімаюцца следам за мной па ўсходах і ціха размаўляюць.

 Тады я хутка-хутка дабегла да трэцяга паверху і - у кватэру, і зачыніла дзверы на замок і ўздыхнула з палёгкай.

 Не ведаю, што там зрабілі монстры па той бок дзвярэй, але дзверы раптам паваліліся і рассыпаліся пылам. А монстры стаялі ў пустым дзвярным праёме і зларадна смяяліся з мяне. А потым яны павярнуліся і сышлі, відавочна намякаючы, што вернуцца ў цёмную-цёмную ноч, калі не будзе лішніх сведак…

 І зрабілася мне млосна, і жудасна, і роспачна. А потым я выявіла яшчэ адны дзверы, унутраныя. Я зачыніла правую створку дзвярэй.  Потым я зачыніла левую створку дзвярэй, якая наклалася на правую. Потым я зачыніла ніжнюю створку дзвярэй, якая наклалася на правую і левую. І, нарэшце, я зачыніла верхнюю створку дзвярэй, якая наклалася на ўсе астатнія. Замка не было.

 - Патрымай, сказала я Сашку, а я шафу прысуну…, - і прачнулася.