Гонки с перашкодами

Ляксандра Зпад Барысава
Гонкі з перашкодамі

 Сон

 Ва ўваходныя дзверы гучна  грукалі: ламілася Небяспека. Я замітусілася па калідоры: дзе тут ліфт. Трэба вызначыць гэта дасканала і адразу, калі вызначу няправільна - патраплю ў пастку. Спачатку кінулася да ваннага пакоя, затым да туалета, потым ізноў да ваннай, затым - заскочыла ў туалет і зачыніла на зашчапку за сабой дзверы. Зачыніўшыся ў туалеце, зразумела дзве рэчы: выйсці адгэтуль не магу: за дзвярамі Небяспека, а таксама тое, самае страшнае, што ліфта тут няма!..
 …Нас было двое. Трэба неяк выбірацца, і хутчэй, таму што Небяспека можа ўварвацца і сюды. Я зняла люк з задняй сценкі, і мы сталі паднімацца ўгару, па шахце, чапляючыся за сценкі. Так дабраліся да столі з антрэсолямі і тонкім карнізам, сантыметра тры шырынёй. Антрэсолі былі зроблены з тонкага кардона, і схавацца на іх было немагчыма. На карнізе таксама доўга не ўтрымаешся… А ззаду Небяспека, і яна набліжаецца.
 …Над антрэсолямі я ўбачыла люк. Чапляючыся за карніз, мы дабраліся да люка, адкрылі яго, і выбраліся праз яго з шахты…
 …Нас было трое… З дапамогай доўгіх тонкіх жэрдак, якія мы перакідвалі праз прорвы, дапамагаючы адзін аднаму, з небяспекай сарвацца туды, уніз, мы перабіраліся павольна спачатку на крэсла, затым з крэсла на стол, і, нарэшце, са стала на падваконнік.
 …Вось мы на падваконніку. І толькі памкнуліся саскочыць туды, уніз, на Волю, як дзверы адчыніліся, і ўвайшла Лэдзі, у форме. Лэдзі дастала пісталет і стала ў нас цэліцца. Я раззлавалася і вырвала ў яе пісталет з рук. Але яна паспела падняць трывогу, і будынак атачылі.
 …Калі я павярнулася да акна, каб саскочыць туды, уніз, адтуль з зямлі на мяне глядзелі тры сумленных і адважных Памежніка ў фуражках з аколышкамі.
 "Яны, сумленныя і адважныя, ловяць мяне, бандыта", - падумала я і саскочыла, таму што дзявацца было няма куды.
 - Стой, страляць буду! - сказалі Сумленныя і Адважныя.
 Я спачатку спынілася, а потым, абмінуўшы іх, кінулася на ўцёкі, аглядаючыся на хаду. Я бачыла, як яны стралялі мне ўслед, і бачыла рознакаляровыя нітачкі ад іх стрэлаў, якія цягнуліся за мной, але так і не дагналі…