Дзень нараджэння

Ляксандра Зпад Барысава
Дзень нараджэння

 сон

 - Жана, што табе падарыць на дзень нараджэння? - спытала я абрыдла-ялейным голасам.
 - Канапу, - сціпла сказала Жана, - яна каштуе, прыблізна, 2,7 мільёна…
 "А ты што думала? Дробяззю адкараскацца?", - уяўна папракнула я сябе. - "Зараз прыйдзецца ўвесь СКБ абыйсці, апытаць, хто жадае паўдзельнічаць у падарунку"…
 …Думаю так, і заўважыла раптам, што стаю побач з другой Жанай, у іх пакоі.
 - Жана, - пытаю, - ты не жадаеш паўдзельнічаць у падарунку?..
 - Я б радая, - адказала другая Жана, - толькі цяпер у мяне грошай няма.
 - Можа, Олю спытаць? - сказала я, разгублена аглядаючыся: Олі нідзе не было відаць. 
 …Іду паверхам ніжэй. Заходжу ў найблізкі пакой.
 - Хто жадае… - пачала, і раптам да мяне дайшло, што ў Жаны не проста дзень нараджэння, а юбілей, таму і падарунак такі не просты, і ў ім могуць удзельнічаць толькі людзі нашага аддзела. А ў пакоі, куды я зайшла, сядзелі людзі з іншага аддзела. Але, таму што яны ўсе павярнуліся і глядзелі на мяне, чакаючы працягу, што я скажу, мне прыйшлося гаварыць далей: 
 - Хто жадае паўдзельнічаць… Хоць, прабачце, я не туды зайшла…
 Іду па калідоры далей. У наступным пакоі шум і гам: абмяркоўваюцца бягучыя працоўныя праблемы. "Не своечасова зайшла", - падумала я і накіравалася ў наступны пакой.
 Там быў накрыты стол, і ўсе супрацоўнікі стаялі вакол з куфлямі ў руках. "І сюды недарэчы зайшла", - падумала з прыкрасцю.
 - Так, заходзь ты, што стаіш? - паспрабавала падпіхнуць мяне ззаду Лена.
 - Не, не, - сказала я паспешна, - я папазней зайду.
 "Куды зараз ісці?", - думаю і іду па калідоры далей…