Дыяменты и бандыты

Ляксандра Зпад Барысава
Дыяменты і бандыты

 Сон

 У аўтобусе, насупраць мяне, сядзіць мужчына з сабакам. Сабаку не сядзіцца на месцы. Ён ўвесь час круціцца ля ног гаспадара. То залезе пад сядушку, то вылезе. А потым раптам усеўся побач з гаспадаром на вольнае месца, як чалавек: заднія ногі спусціў, а пярэднія трымае перад сабой і важна аглядаецца.
 "Ну, і цырк", - падумала я.
 Да нас падыходзіць кандуктар, мая суседка па дому, Галя Герцык.
 - У мяне свае талончыкі ёсць, - паведамляю я ёй.
 - Ты аддай мне свой талон, не кампастуй. А я табе квіток дам: мне план трэба выконваць - папрасіла Галя.
 Галя забрала ў мяне талончык, а мне адарвала квіток ад свайго рулона. А затым закампаставала талон.
 - А талон навошта закампаставала? - здзівілася я. - Атрымалася падвойная аплата, і ты так згалееш. Вазьмі ў мяне яшчэ адзін талон, але не кампастуй больш.
 - Не трэба, - сказала Галя. - Ты, лепш, маю торбу папільнуй, - і паставіла побач са мной торбу, а сама пайшла далей па салоне.
 ***
 …Сяджу ў двары, на лужку, ля торбаў Галі. Надвор'е выдатнае. Лета. Горача. Трава зялёная і неба сіняе, без адзінай аблачыны. Да мяне штохвілінна падбягаюць Галіны дзеці, то за садавінай, то за цукеркамі. Потым падышоў Пеця, муж Галі, і папрасіў ключ ад сейфа.
 - Гэта не той ключ, - сказала я яму, калі ён узяў вялікі квадратны ключ і паспрабаваў адчыніць дзверцы сейфа. Ён не звярнуў увагі на мае словы, і павярнуў ключ у замочнай свідравіне. І сапраўды, там была заглушка, а не дзверы.
 - Вось той ключ, - я ўзяла са звязку маленькі ключык, і, уставіўшы яго ў процілеглую сценку сейфа, павярнула. Дзверы адчыніліся, і адтуль высунулася скрыня. Я ўзяла скрыню ў рукі і падняла вечка. Там ляжала дыяментавае калье, хораша выкладзенае, і мноства нітак дыяментавых караляў. Я брала кожную нітку ў рукі, глядзела, як яна пераліваецца на сонцы рознакаляровымі агнямі, потым кідала яе да ног Пеці. Пеця, седзячы на траве, на каленках, лавіў нітку, таксама любаваўся, потым кідаў яе на траву. Хутка ля яго ног стварылася вялікая дыяментавая куча.
 - Гэта дыяменты? - спытала я.
 - Не, гэта проста шкельцы, - адказаў Пеця.
 - Вы не бойцеся, - сказала я, - яны мне не патрэбныя. А шкельцы не будуць так пералівацца…
 ***
 На краю лужка спынілася машына. У ёй сядзелі Амерыканец і Негр, рабаўнікі.
 Пеця ўскочыў і пайшоў да машыны, выцягваючы пісталет. Падышоўшы да машыны, ён стрэліў і забіў Негра. Затым чамусьці палез з галавой і рукамі ў акно, праз забітага негра, каб дабрацца да Амерыканца. Амерыканец выскачыў з машыны. Рука з пісталетам у Пеці падвярнулася, пакуль ён лез. У гэта імгненне Амерыканец стрэліў і забіў Пецю.
 ***
 Я хуценька склала дыяменты ў скрыню і стала шукаць, куды б яе засунуць, каб Амерыканец не знайшоў. Схаваць было няма куды, і я засунула яе ў пацучыную нару пад драўлянай хатай, глыбей і ў бок.
 Людзі, якія адпачывалі на лужку, у паніцы разбягаліся ва ўсе бакі.
 А Амерыканец, не, тры амерыканцы, не спяшаючыся накіроўваліся за дыяментамі.
 А ля пяціпавярховага дома, на разасланай на траве коўдры сядзела жанчына з двума малянятамі ў распашонках. І адзін з іх - мой Сашка. Яны сядзелі і не глядзелі па баках, і не бачылі панікі.
 "Трэба дзяцей ратаваць", - падумала я, але ўбачыўшы, што не паспею, паспадзявалася, што амерыканцы не стануць іх чапаць, таксама кінулася на ўцёкі з усімі. А дзеці засталіся сядзець ля дома.
 ***
 Забегла ў незнаёмыя двары і заблудзілася. Трэба вярнуцца, а куды ісці, не ведаю. Насустрач Зіна:
 - Яны забралі дзяцей і ўсіх, хто быў на лужку, у закладнікі.
 - Зіна, я не ведаю куды ісці…
 - Пайшлі, пакажу.
 Мы пайшлі, потым Зіна кудысьці знікла, а я апынулася ў нейкім катлаване, з якога не магу выбрацца. Вакол горы, высокія і стромкія ці правалы, за якімі зноў горы.
 На адной з гор з'явілася Наташа:
 - Трымай, - кінула яна мне канец вяроўкі.
 Я за яго ўхапілася, і Наташа адным рыўком вывалакла мяне з катлавана.
 ***
 Выходжу на пустэльную абледзянелую дарогу, па абочынах якой нагрувашчванні шэрага снегу. Цягнуся і думаю: "Трэба знайсці бандытаў і вызваліць закладнікаў…"