Жоутая стыхия

Ляксандра Зпад Барысава
Жоўтая стыхія

 Сон

 Трэба было ісці, а дарогу перагарадзіў раўчук, прыблізна метр шырынёй.
 - Можаш пераскочыць? - спытала Танька.
 - Не ведаю, - адказала я.
 Танька лёгка пераскочыла на той бераг.
 Я таксама скокнула, але не разлічыла. Да таго ж наступіла падчас скачку сабе на край сукенкі, заблыталася, і плазам пляснулася праз раўчук. Рукамі ўчапілася за той бераг, падцягнулася і выпаўзла, уся мокрая. І бачу, апынуліся мы з Танькай на маленечкім астраўку, толькі дваім і змясціцца. А вакол - жоўтая вада.
 - І што далей? - пытаю.
 Трэба выбірацца як-небудзь, - кажа Танька.
 Бераг далёка…
 Мы ўзяліся за рукі і паспрабавалі ўзляцець.
 Не атрымалася. Мы цяжка плюхнуліся ў жоўтую ваду і паплылі, імкнучыся трымаць галовы над вадой.
 Плылі вылучна сілай волі, і трымаліся на паверхні вады, напружваючы толькі сілу волі.
 Раптам Танька з галавой пагрузілася ў жоўтую ваду. Я спалохалася і прыпадняла яе, і трымала яе левай рукой. Рука здранцвела, і толькі страх надаваў ёй сілы.
 І так несла нас па жоўтай вадзе, пакуль не прыбіла да нейкага драўлянага памоста.
 А што там далей, за памостам?
 А за памостам была звычайная сельская вуліца.
 З абочынамі, парослымі кароткай, цвёрдай, ярка-зялёнай травой, з тынамі і пыльнай дарогай.
 Як добра, як утульна стала на душы.
 Я ішла па драўляным памосце. Дошкі пад нагамі злёгку прагіналіся і спружынілі. І гэта было найвялікай асалодай: адчуваць па нагамі цвёрдыя дошкі пасля доўгага знаходжання ў жоўтай вадзе.
 Я выбралася на вясковую вуліцу і ўвайшла ў бабуліну хату.
 - Што ты тут робіш? - пачула за спіной трывожны бабулін голас.
 Абарочваюся. За спіной - парцьера з доўгіх вузкіх поліэтыленавых палос. А за парцьерай - бабуля. Яна мяне не пазнала. Думала, што бандыты забраліся…
 - Бабуля, - кажу, - гэта я.
 - Што ты тут робіш? - усё таксама трывожна паўтарыла сваё пытанне бабуля.
  Тады я выйшла на той бок парцьеры і паўтарыла:
 - Бабуля, гэта я.
 - Дзе бульба, - ізноў трывожна спытала бабуля.
 - Бульбу мы згрузілі ў суседскую адрыну, перад тым, як сысці.
 Бабуля паглядзела на дзверы суседскай адрыны і злёгку супакоілася.
 Яна сядзела на ганку, гаротна падпёршы руку шчакой.
 - Бабуля, як ты здагадалася, што мы павінны прыехаць? - пытаю.
 І тут да мяне дайшло: бабуля ж атрымала паведамленні адразу ж пасля нашага ад'езду. І ўвесь час хвалявалася. А мы тым часам швэндаліся па лесе ў сваё задавальненне…
 - Ну, бабуля, ну, прабач, калі ласка… - сказала я і абняла бабулю за плечы. І пацалавала яе ў патыліцу, якая была чамусьці лысая, жоўтая і бліскучая…