Монстар знутры

Ляксандра Зпад Барысава
Монстар знутры

 Сон

 Дзьмуў моцны вецер, і дом пад яго напорам хіліўся то ў адзін бок, то ў другі. Я вызірнула з вакна і здзівілася: зямля была далёка ўнізе. Трэці паверх, а такое ўражанне, як быццам дзявяты…

 Я пайшла на кухню, а вакол мяне ўсё зыбалася, хісталася і плыло кудысьці. "Гэта мне так здаецца, - думала я, - не можа дом так зыбацца…"

 З кухоннага вакна я заўважыла, што знаходжуся не ў доме, а ў кузаве велічэзнага грузавіка. І гэты грузавік імчыцца па дарозе, займаючы яе на ўсю шырыню. І ўцякаюць назад палі і дрэвы ўздоўж дарогі…

 Тады я пайшла наперад, у кабіну. На кіроўчым месцы нікога не было. Грузавік ехаў сам. І ехаў ён па святочнай і шумнай кірмашовай вуліцы, займаючы яе ад ходніка да ходніка.

 Аб'язджаючы групу людзей, ён з другога боку зачапіўся за кут ларка і скасабочыў яго.
 Мне гэта спадабалася. "Вось, так, вам, гандляры", - падумала я зларадна.
 Грузавік як быццам пачуў мае думкі, паколькі ён тут жа наехаў правым пярэднім колам на шэраг кошыкаў з садавінай. Народ у страху пабег у бакі. "Вось, так, вам, гандляры", - працягвала злараднічаць я.
 А грузавік імчаўся па пустой вуліцы і пляжыў пад сваімі коламі кошыкі і пустыя прылаўкі.

 І раптам пасярод вуліцы апынуўся маленькі, кульгавы на абедзве ногі, чалавечак у чорных строях.
 Ён павольна ішоў насустрач грузавіку, апусціўшы галаву.
 "…Задушыць, не спыніцца…" - мне стала тужліва і няўтульна.

 …Чалавечак ішоў, нічога не бачачы, задумаўшыся, а грузавік павольна на яго напаўзаў…

 …Не памятаю, як я спыніла монстра, але ён спыніўся, навісшы над чалавечкам. А той па-ранейшаму нічога не бачыў, і па-ранейшаму павольна ішоў наперад, пад колы…

 …Потым я выскачыла з машыны, як - таксама не памятаю. Толькі раптам апынулася побач з чалавечкам, узяла яго за руку і адвяла ў бок, на ходнік…

 …А потым ізноў імчалася на сваім грузавіку, але ўжо не па гандлёвай вуліцы, а па бязмежным полі. І ўцякалі назад пустэльная дарагая, палі і дрэвы ўздоўж дарогі.