Фатэль

Ляксандра Зпад Барысава
Фатэль

 Ў сне і наяве

 Наяве

 …Як толькі Наташка вымыла падлогу пад маім сталом, я тут жа ўселася на фатэль і ўтаропілася ў манітор. Але тут жа адчула, што з фатэлям штосьці не так. Павярнуўшы галаву, я заўважыла, што мой фатэль стаіць за серверным кампутарам. Тады я ўскочыла, памяняла фатэлі, ізноў уселася і сказала ўслых:
 - Ну вось, чую, штосьці не так. Аказваецца, Наталля фатэлі пераставіла… Мой фатэль такі зручны…
 А Наташка, мыючы далей падлогу, паглядзела на мяне ўсміхаючыся, і нічога не сказала.
 І тут я ўспомніла, што да адпачынку мой фатэль быў зусім нязручным. І сядушка падскоквала і апускалася, калі ўстаеш-садзішся. І спінка ў спіну ціснула…
 - Які фатэль нязручны, - абуралася я тады…
 А вярнуўшыся з адпачынку я і не заўважыла, што мой фатэль іншым стаў. Значыць, яго адрэгулявалі ў маю адсутнасць. А з тых часоў паўгода прайшло…
 Толькі хто гэта зрабіў, паняцця не маю…

 Сон

 …Пасярод пакоя стаіць фатэль. Раскошны такі, каралеўскі, нічый пакуль…
 Можа, мне яго ўзяць сабе? Але мой такі зручны, куды зручней гэтага… Што рабіць?
 І тут я ўспомніла, хоць да гэтага нават і не ведала, што гэты раскошны фатэль прынеслі для Зіны. І спытала я ў начальніка (не ведаю, як у мяне гэта атрымалася, паколькі начальнік тым часам быў на Вялікай Нарадзе на іншым паверсе):
 - Гэты фатэль для Зіны?
 - Так, - адказаў мне начальнік з іншага паверху, з нарады.
 Уздыхнула я з палёгкай і вырашыла аднесці гэты фатэль ў пакой да Зіны, з вачэй далей, каб не спакушаў сваёй прысутнасцю.
 І тут жа пачула голас Зіны. Аказваецца, яна сядзіць у нашым пакоі і з кімсьці размаўляе.
 Павярнула я галаву на голас і ўбачыла, што гэта зусім не Зіна, а нейкая незнаёмая юная дзяўчына, прыгажуня бландынка, сядзіць побач з нашым маладым адмыслоўцам, Сяргеем Ранцевым, які два гады назад звольніўся.
 - Дабрыдзень, дзяўчына, - сказала я ёй, - Я думала, што гэта Зіна… Так голас падобны…
 А дзяўчына паглядзела на мяне непрыязна.

 Пра фатэль я ўжо забылася. Мне трэба было рыхтавацца ў Шлях Па Спіралі на Наступны Віток.

 А дзяўчына ўзяла маю каробку з кукурузнымі палачкамі і сказала Сяргею, думаючы, што гэта яго каробка:
 - Я вазьму.
 - Гэта нязручна,- сказаў ёй Сяргей.
 - Нічога страшнага, - сказала дзяўчына, і, усеўшыся на падваконнік, стала весела матляць нагамі і храбусцець палачкамі.

 Я спачатку жадала ёй штосьці сказаць па гэтай нагодзе, а потым падумала: навошта драбязніцца, і пайшла да Далёкіх Дзвярэй, якія вялі на Наступны Віток Спіралі, пераскокваючы з аднаго стосу кніг на другі, раскладзеных на падлозе.

 Зойшоўшы за Далёкія Дзверы і прычыніўшы іх за сабой, я падумала: "Я паказала ёй Шлях. І яна ўбачыла Далёкія Дзверы. І пабяжыць за мной з цікаўнасці. А ёй яшчэ рана…"
 Стала я трымаць дзверы рукой, каб нельга было адчыніць. І пачула ціхі шэпт з таго боку:
 - Адчыні, гэта я…
 Тады я, пашукаўшы на дзвярах, знайшла на іх тры шпінгалеты, і зашчапіла іх.

 Але мне на Чарговым Вітку зноў трэба будзе прайсці праз гэтыя дзверы, ужо зачыненыя.
 "Нічога, - супакоіла я сябе, - Я ведаю, што яны на тры шпінгалеты зачынены. Як-небудзь адчыню. У крайнім выпадку, выламлю… Шпінгалеты слабенькія, ненадзейныя…"