Мядзведзь у горадзе

Ляксандра Зпад Барысава
Мядзведзь у горадзе

 Сон

 Па гарадской вуліцы бегаў мядзведзь, велічэзны і чорны, з доўгім і пухнатым, як у лісы, хвастом. Ён весела насіўся паміж гурбамі, зусім як маленькі шчанюк. Штосьці там шукаў, вынюхваў…

 А за адной з лавак сядзелі паляўнічыя і цэліліся ў мядзведзя, і блік іх лазернага прыцэла свяціўся малінавым крыжыкам на чорнай шкуры.

 А па дарозе ў абодва бакі ішлі людзі. Яны не зважалі ні на мядзведзя, які круціўся ў іх пад нагамі, ні на паляўнічых, што стаіліся за лаўкай. Людзі ішлі і ішлі густой плынню, не даючы магчымасці паляўнічым стрэліць у мядзведзя.

 А мядзведзь па-ранейшаму весела гарэзаваў, не падазраючы, што ў яго цэляццца.

 Я глядзела і цешылася за мядзведзя, і злараднічала ў адрас паляўнічых, і страшна мне было: а раптам плынь людская скончыцца, і тады паляўнічыя стрэляць…