Напильник з гадзинникавым механизмам

Ляксандра Зпад Барысава
Напільнік з гадзіннікавым механізмам

 Сон

 У фае, у паштовай скрынцы, на стосе газет, у запаяным пластыкавым непразрыстым пакеце ляжаў назразумелы прадмет, па форме падобны на брусок, якім точаць нажы.

 Я ўзяла яго ў рукі, пакруціла, прамацала скрозь пакет. Не зразумела, што гэта такое.
 Але гэта незразумелае цікала, як гадзіннік.

 Я паклала яго на месца, у шафу, дзе ён ляжаў і стала паднімацца па лесвіцы. Калі падарвецца там, у шафе, ніхто пакутаваць не будзе, толькі шафа.

 Прыходжу да начальніка і кажу:
 - Там, у паштовай шафе, брусок цікае.
 - Ну і што?
 - А раптам падарвецца? Трэба каб паглядзелі, хто ў гэтым разбіраецца.
 - Ну, паглядзіця, - сказаў начальнік двум маладым адмыслоўцам, якія падвярнуліся яму пад руку.

 І вось я зноў унізе, ля паштовай шафы, трымаю ў руках брусок. А вакол мяне - экспертная камісія.
 - Чуеце - цікае, - кажу, - можа, зашпурнуць куды далей?
 - А калі ён падарвецца?
 - Але ён жа не ад удару выбухае, а па таймеры. А ад удару гадзіннік зломіцца і спыніцца. Вось, выбуху і не будзе.

 І вось мы на астраўку бяспекі пасярод дарогі. Я трымаю ў руках брусок. Ён цікае.
 А перад намі і ззаду нас бясконцай плынню ідуць машыны, і ўсе здаравенныя БелАЗы, нагружаныя даверху пяском. 
 Апошні БелАЗ вырашыў нас падрэзаць і заехаў на астравок бяспекі. Мы ледзь паспелі схавацца за тумбу, усталяваную на краю астраўка.  Тады кіроўца БелАЗа спыніў сваю машыну, вылез з кабіны на дах і стаў павольна спускацца па грудзе пяску ў наш бок. У руках у яго быў ломік і намеры яго былі відавочна ня добрыя.

 Тады я размахнулася на ўсю моц і шпурнула брусок. Ён паляцеў, круцячыся і даўжэючы на лёце, пакуль не ператварыўся ў доўгую тычку, вельмі падобны на дзіду.
 Гэта дзіда, стукнуўшыся аб кабіну БелАЗа, адскочыла і адным канцом урэзалася ў цемя кіроўцы.
 "Не так трэба было, а плазам", - тужліва падумала я.
 А тычка, адскочыўшы ад галавы, як мячык, яшчэ некалькі разоў апусцілася на галаву кіроўцы пад рознымі кутамі.
 Пасля сёмага ўдару ён зваліўся проста ў пясок уласнай машыны.
 А я прачнулася.