Адвага супраць сілы
Падвойны сон
- Не, мы яго ў крыўду не дамо! - хорам сказаў клас, падняўшы маленькага Яраша высока над галовамі.
І стаяў ён там, над шчыльным прастакутнікам з рук і галоў, як Напалеон, ганарліва склаўшы рукі на грудзі і гледзячы зверху ўніз на здаравяку Саву, які так шалеў.
- Не, так не варта, - пасля невялікай паўзы ганарлівага стаяння сказаў Яраш і, саскочыўшы ўніз, стаў нацягваць баксёрскія пальчаткі і рыхтавацца да бою.
Потым кінуўся наперад, выставіўшы кулакі і тут жа адляцеў назад з велічэзным сіняком пад вокам.
А Сава ціха і зларадна пасмейваўся.
Яраш ізноў кінуўся наперад і зноў адляцеў назад з сіняком ужо пад другім вокам.
Але гэта яго не спыніла.
Ён кідаўся і кідаўся, і адлятаў кожны раз, а твар яго ўсё больш і больш распухаў. Правае вока ў фіялетавым арэоле выпнулася неверагодна, а левае заплыло у вузкую шчылінку.
- Усё, хопіць, - сказаў Сава, - перапынак, - і, павярнуўшыся, пайшоў прочкі.
- Ніякіх перапынкаў, - сказала Яраш, - пакуль я не набіў табе пысу.
І, схапіўшы клюшку, кінуўся ўслед за Савам і пляснуў яго клюшкай па азадку.
- Перапынак, перапынак, - закрычаў Сава і стаў уцякаць. А Яраш ганяўся ўвесь час за ім і, наганяючы, пляскаў клюшкай па азадку.
І Сава раптам пачаў хутка памяншацца на бегу. І Яраш ужо не па азадку яго пляскаў, а ганяў як шайбу па лёдзе, настолькі Сава стаў маленькім. І шайба гэта тоненькім голасам пішчала:
- Перапынак, перапынак…
…Здаравяка Сава сядзіць на лаўцы ў парку, спіць, адкінуўшы галаву на спінку лавы, енчыць і ўздрыгвае ў сне.
Тут падбегла да яго маленькая чорная такса. Панюхаўшы чаравік, яна павярнулася да яго задам і падняла ўгару ножку…
…У тут я прачнулася. І за павекамі ў мяне павольна раставала карціна: спячы на лаўцы Сава і сабачка з паднятай ножкай ля яго чаравіка…