Збег ад царскага гневу

Ляксандра Зпад Барысава
Збег ад царскага гневу…

 Сон

                Начытаўшыся аповедаў Людмілы Рублеўскай

 …Паручнік Р. рыхтаваўся да ўцёкаў. Яму пагражала катарга. Яго нявеста Аня збіралася яго суправаджаць. Аня ўнесла ў гасцініцу пышную сукенку і высокі белы напудраны парык.
 - Перапранешся. - сказала яна…

 …Паручнік Р. быў сынам беднай удавы з Заходняга Краю. Але амаль ніхто гэтага не ведаў. Жыў ён тут пад імем памерлага графа Р., якога выпадкова забіў на двубоі…
 …Двубой трэба было скрыць. Забітага графа ніхто не любіў за яго кепскі задзірлівы характар. Юнак, які забіў графа, нікому не быў вядомы. Ён, напярэдадні, падобна Д'Артаньяну, прыбыў з правінцыі ў пошуках подзвігаў і славы.
 Калі секунданты паглядзелі на твар, распасцёртага на зямлі графа, яны заўважылі, што той моцна змяніўся. Рысы твару разгладзіліся, знікла з'едлівая злосць. Твар стаў светлым і прыгожым. Потым яны перавялі погляд на незнаёмага юнака і ахнулі: настолькі былі падобныя гэты юнак і забіты ім граф. І тады нічога не разумеючага юнака прымусілі хутка перапрануцца ў запасны графскі гарнітур, які дасталі з куфэрка ў карэце….
 …Адпявалі графа ў маленькай глухой цэркаўцы як неапазнанага валацугу. А юнак пасяліўся ў гасцініцы пад імем забітага ім графа Р…
 
 …А зараз паручнік Р. Рыхтаваўся да ўцёкаў, зваротна ў Заходні Край…
 Напярэдадні, на вялікім Царскім Карнавале, паручнік Р. у гарнітуры Святога Георгія збіраўся пазмагацца з Цмокам і вызваліць Прынцэсу, якая тамілася ў яго палоне.
 Святы Георгій быў у майстэрска зробленых з фальгі даспехах.
 І вось з'явіўся цмок. Грувасткі і нязграбны, ён рухаўся зігзагамі, натыкаючыся на людзей і мэблю. Дзве яго грабеністыя галавы, зламаўшыся ў шыях, боўталіся ў разнабой з боку ў бок.
 І Святы Георгій не вытрымаў і засмяяўся:
 - Ды які ж гэта цмок. Гэта - мокрая, абскубаная двухгаловая курыца.

 І тады цмок люта зароў і распаўся на часткі. І адтуль з’віўся сам спадчыннік прастола. Твар спадчынніка быў чырвоны ад лютасці. Ён тупаў нагамі і крычаў, пырскаючы слінай, пра абразу яго гонару, кароны і герба…
 Сябры паручніка, штучна стварыўшы паніку, хутка выцеснілі Святога Георгія з памяшкання.
 …Паралельна з Вялікім Царскім Карнавалам праводзіліся Вялікія Каралеўскія Скачкі, арганізатарам якіх быў бацька Ані, палкоўнік Б.   
 У апошні заезд ён вывеў усіх сваіх сваякоў і сяброў, разраджаных у яркія карнавальныя гарнітуры, у масках, на белых, у чорныя яблыкі, канях, якіх у Заходнім Краі звалі дрыкганты.

 І прамчаліся гэтыя ярка разраджаныя вершнікі па дарожцы стадыёна міма трыбуны, на якой сядзела амаль уся каралеўская сям'я і млява апладыравала. Не было толькі спадчынніка, які тым часам спешна рыхтаваў пагоню за ўцекачамі на ўсход, дзе знаходзіліся маёнткі графа Р.
 А бліскуча разраджаныя вершнікі, праскакаўшы міма царскай трыбуны і разарваўшы вясёлкавую стужачку пад вадкія апладысменты, зрабілі яшчэ паўкола па стадыёне і вынесліся за вароты.

 І праскакаўшы міма дома палкоўніка Б, яны панесліся далей у той бок, куды пабег паручнік са сваёй нявестай, затоптваючы па дарозе ўсе сляды, якія былі і не былі.
 І падскакалі яны да шырокіх усходаў, прыступкі якой былі пакрыты тоўстым пластом апалага лісця.
 І высока наперадзе па ўсходах угару цягнуліся дзве аднолькавыя фігуркі. У аднолькавых пышных сукенках, з аднолькавымі высокімі напудранымі прычоскамі. Яны ўжо стаміліся бегчы, і павольна цягнуліся, пахістваючыся і ўзяўшыся за рукі.
 - Аня! - крыкнуў палкоўнік Б.
 Дзяўчыны адначасова абярнуліся. Як яны былі падобныя!
 - Каця, - строга паправіла адна з дзяўчын.
 Палкоўнік засмяяўся, саскочыў з каня і падбегшы да дзяўчын, пацалаваў спачатку Аню а потым, трохі павагаўшыся, і Кацю.
 - Усё ў парадку, - ціха сказаў ён. - Едзем у Заходні Край. Гэта значыць, у Беларусь, я хацеў сказаць…