Калядныя сны

Ляксандра Зпад Барысава
Калядныя сны

 ***
 Напэўна, Дыспетчару сноў не падабаецца, калі запісваюць тое, што ён выдае нам для прагляду. Варта мне штосьці запісаць і апублікаваць, як пасля гэтага наогул нічога не сніцца. Ці сніцца такое, што запісваць наогул не варта. Або няскладнае і бессэнсоўнае, або нешта такое непрыстойнае, што могуць пакрыўдзіцца тыя знаёмыя, якія мне прысніліся, калі яны гэта выпадкова прачытаюць. І самой сорамна, нарэшце, пра сябе такое распавядаць.
 А, можа, Дыспетчару ўсё адно?

 ***
 Засынаючы ў перадсвяточную ноч перад Калядамі, я падумала: "Даўно нічога цікавага не снілася. Пакажыце мне што-небудзь казачнае."

 ***
 Паднімаюся па ўсходах у нейкім змрочным будынку. Наперадзе паднімаецца Хемуль. (Начыталася перад сном казак Туве Янсан).
 Раптам ніжні канец усходаў адарваўся, і я разам з Хемулем павіслі над прорвай у каменнай студні на ўсходах, якія зрабілася тонкімі папяровымі.
 "А раптам і верхні канец абарвецца?" - падумала я.
 - Давай рухацца далей, - сказала я Хемулю, які вісеў на ўсходах вышэй за мяне.
 - А раптам і верхні канец абарвецца? - спытаў Хемуль.
 - Калі ён абарвецца, то мы паляцім уніз. - сказала я, - А калі будзем рухацца, ёсць шанец, што вылезем адгэтуль.

 Што было далей, не памятаю. Напэўна, верхні канец абарваўся, а мы зваліліся і разбіліся да смерці.

 *** *** ***
 Як і Дантэ, апынулася я ў змрочным лесе, толькі без правадыра. Лес ці то восеньскі, ці то вясновы, таму што на дрэвах не было лісця, а на зямлі не было ні травы ні снегу. І было цёмна. "Дзень жа павінен быць", - тужліва падумала я і паглядзела на неба, спрабуючы выглядзець там дзень.

 "Трэба ўзляцець і агледзецца, куды ісці", - і стала я паднімацца  ўгару, чапляючыся за галіны дрэў. "Добра ўзлятаць у лесе: галінкі дапамагаюць…"

 Над лесам было відаць досыць далёка. Справа чорным уцёсам цямнеў Будынак. На сцяне Будынка не было ніводнага акна.
 Папярок неба праходзіла выразна акрэсленая беспрасветная чорная паласа. Злева ад паласы на звычайным начным небе свяцілі зоркі, і плыў бледны, амаль празрысты, Месяц. І плыў ён у бок чорнай паласы. Справа ад паласы неба было дзённае, блакітнае. Бліжэй да чорнай паласы блакіт набываў шараватае адценне, паступова пераходзячы ў чорны.
 І па блакітным небе плыло Сонца ў бок чорнай паласы. Калі Сонца патрапіла ў шэры блакіт, яно стала бледным і празрыстым, як Месяц.

 Я паляцела да Будынка.

 З другога боку Будынка было светла ад уключаных святочных ліхтароў уздоўж ходніка.
 Ля аднаго, святочна-прыбранага дрэва, стаяла Снягурка, сапраўдная, а не перапранутая дзяўчынка.
 Я апусцілася на ходнік і ўвайшла ў Будынак.
 Па доўгім калідоры падыходжу да цэха, і перад уваходам у цэх, не сцяне націскаю маленькую круглую чорную кнопку, каб уключыць святло. Уваходжу ў цэх.
 Раздаўся трывожны звон. Атрымалася, я не святло ўключыла, а комплекс станцый, на якіх звычайна працуе Галіна Сяргееўна.
 "Нічога, - падумала я, - калі Галіна Сяргееўна прыйдзе працаваць, яе станцыі будуць ужо ўключаны. Зручна…"

 Тут прыбегла ўстрывожаная Лідзія Іванаўна:
 - Што, Галіна Сяргееўна ўжо працуе? - спытала яна мяне.
 Я маўчу, не ведаючы, што сказаць.
 - Хто ўключыў станцыі? - задала Лідзія Іванаўна наступнае пытанне.
 Я маўчу, баючыся прызнацца, што гэта зрабіла я.

 Лідзія Іванаўна, чартыхаючыся, пабегла тэлефанаваць у Ахову.

 "Ну, вось, - падумала я, - цяпер набягуць ахоўнікі, пачнуць здымаць адбіткі пальцаў, і выявяць, што гэта я ўключыла. Трэба штосьці рабіць…"
 І стала думаць, што мне зрабіць: сцерці свой адбітак пальца з кнопкі, убінтаваць палец, уцячы і схавацца, заставацца на месцы і рабіць выгляд, што я тут зусім ні пры чым і ўвесь час трымацца за спіной у правяральнага?
 Якое толькі трызненне не прысніцца ў перадсвяточную ноч перад Калядамі.