Цытрынавая гисторыя

Ляксандра Зпад Барысава
Цытрынавая гісторыя

                Мімаволі, амаль як у Максіма Федорченко
                (“Ночь перед рождеством”  http://proza.ru/2013/01/26/1430 )


 - Трэба цытрыну купіць, - сказаў Спадчынны Прынц такім тонам, што пярэчыць не трэба было, бескарысна, а адразу бегчы ў краму за цытрынай. Хоць толькі што набытая цытрына, вялікая і крамяная, ляжала на стале. Гэтага было мала, атрымліваецца.
 Усёткі, папярэчыўшы крыху, я заціснула ў кулак апошнія шэсць з паловай манет і панеслася ў "Алмі" за цытрынай. Ні торбы ні кашалька я з сабой не брала. Гэту бяздольную цытрыну я і так прынясу, у руцэ. Было дваццаць адна гадзіна дзесяць хвілін, так што часу ў мяне было яшчэ досыць да зачынення крамы. "Алмі" працуе да дваццаці трох. Я заўсёды ў "Алмі" хаджу за цытрынамі. Яны там на адну траціну танней, чым у іншых найблізкіх універсамах. І з выгляду лепш: сярэдняга памеру, крамяныя з тонкай лупінай. Хоць усё астатняе тут па тых жа коштах, што і ўсюды, а сёе-тое і даражэй.
 І вось нясуся я так праз дзіцячую пляцоўку, праз двары, напрасткі, і раптам пачула ззаду слабы голас:
 - Пачакайце…
 Я абярнулася. Ля дарожкі на траўніку напаўляжаў Палы Анёл, абапіраючыся шчакой на далонь. Побач з ім бялелі два невялікіх пластыкавых пакета, відавочна з пустымі бутэлькамі.
 Міма такіх анёлаў у такі час сутак трэба бегчы не спыняючыся. Але я чамусьці спынілася:
 - Што?
 - Можна вам задаць адно пытанне? - слабым голасам спытаў Анёл.
 "Грошы будзе прасіць, - падумала я. - Што ж, прыйдзецца аддаць. Абыйдзецца прынц без цытрыны"
 - Слухаю вас, - сказала я злосным сухім тонам.
 - Як адгэтуль дабрацца да Альшэўскага? І дзе там праспект Пушкіна? І ці далёка адтуль да вакзала?
 Пытанняў было занадта шмат, і, трохі павагаўшыся, я сказала:
 - Ідзіце на той прыпынак, садзіцеся на дваццаць дзявяты аўтобус, і давязе ён вас і да Альшэўскага і да Пушкіна...
 А сама гляджу на яго і думаю: "Ну, хіба дойдзе ён да прыпынку? Ён жа ў найблізкую канаву зойдзе, ці з моста зваліцца"
 А пакуль я так думала, Анёл рыдаў і плакаў, лежучы на зямлі, жаліўся на сяброў, якія яго сюды прывялі і кінулі, і ўсклікаў перыядычна:
 - Дзе я? Як мне дадому патрапіць?..
 І мармытаў яшчэ штосьці пра семдзесят восьмы аўтобус. Анёл быў п'яны ўшчэнт. Нельга было яго тут вось так кідаць.
 - Уставайце, я вас да прыпынку давяду - сказала я, - і пасаджу на семдзесят восьмы аўтобус.
 І схапіўшы груба Анёла за рукаў курткі, прымусіла яго ўстаць. Ён падняўся, хістаючыся і падбіраючы з зямлі свае пакеты. Пустыя бутэлькі ў іх ціха пабразгвалі, перакочваючыся.
 - Яны, сябры, мяне забіць жадалі, - рыдаў Анёл, пакуль я яго валакла з траўніка на дарожку.
 І пакуль мы ішлі па дарожцы праз мост да прыпынку, пры гэтым я дужа трымала яго за рукаў, каб ён не зваліўся, ён увесь час рыдаў, распавядаючы, як ён вельмі бязглузда страціў сваю сям'ю, і зараз яму няма дзе жыць…
 - Пане Божа! - рыдаў ён, - чаму ты заўсёды мяне ратуеш? Мяне, такога грэшнага!...
 - Вы верыце ў Бога? - спытаў ён раптам мяне.
 - Веру, - цвёрда сказала я.
 - Вы лічыце, што ён ёсць?
 - Так, ён ёсць, - пацвердзіла я.
 - І нічога таго, што ўсе нас атачае….
 - Так, нічога б гэтага не было, калі б яго не было, - працягнула я яго думку.

 - Пане Божа! - ізноў рыдаў ён, - чаму ты заўсёды мяне ратуеш? Мяне, такога грэшнага!...

 …І прыцягнула я яго, такога рыдаючага на прыпынак. Чакаем аўтобуса, які не прымусіў сябе доўга чакаць, і ўжо набліжаўся да прыпынку.

 - Прабачце, калі ласка, - звярнулася я да стаячай убаку жанчыне, - вы не скажаце, які час?
 - Дваццаць адзін трыццаць, - адказала яна, зірнуўшы на мабільнік.
 - Дзякуй, - сказала я, - паспею яшчэ ў краму…

 І тут аўтобус падышоў да прыпынку. Убачыўшы, што гэта як раз семдзесят восьмы, я сказала Анёлу:
 - Як вам пашанцавала. Ваш, семдзесят восьмы.
 Аўтобус спыніўся, і кіроўца цярпліва чакаў, пакуль я запіхвала рыдаючага Анёла ў пярэднія дзверы.
 - Як я люблю вас, - рыдаў Анёл мне на развітанне.
 Дзверы зачыніліся. Я памахала Анёлу рукой. Ён глядзеў на мяне з аўтобуса і рыдаў. І кіроўца аўтобуса таксама глядзеў на мяне, пільна так глядзеў.
 Што ён думаў, я не ведаю. Але гэта і не важна.

 Потым я пайшла ў "Алмі" і купіла цытрыну.
 Спадчыннаму Прынцу пра сустрэчу з Палым Анёлам я не сказала ні слова.