Шматпластовае жыццё

Ляксандра Зпад Барысава
Шматпластовае жыццё

 …Жыццё ў нас ціхае і спакойнае, як у сонным балоце. Засмоктвае, вядома, павольна і паступова. Але да гэтага ўжо абвыклі і прыстасаваліся неяк да гэтага засмоктвання.
 Часам, праўда, ачуешся на секунду, азірнешся вакол, і страшна стане: як мяне ўжо засмактала. Год назад лягчэй было, не кажучы ўжо пра больш ранні час.
 А потым страсянеш галавой: а ну, яго, да чорта. Што тут выправіш? І зноў упадаеш у дрымоту, спакойную, балотную, якая засмоктвае…

 …Але не заўсёды атрымоўваецца заставацца ў сваім ціхім балоце. Часам выносіць у трывожныя пласты.
 Шпацыравала неяк па горадзе дзеля ўласнага задавальнення і стамілася. Дадому ісці яшчэ не жадала. І вырашыла я пасядзець дзе-небудзь на лавачцы. А была я тады ў раёне чыгуначнага вакзала. І ўспомнілася, што там ёсць залы чакання і шмат месцаў, дзе можна спакойна пасядзець і пачытаць кнігу. А кніга была ў мяне з сабой.
 У самога ўваходу на вакзал стаяў Вартавы Парадку. І паглядзеў ён на мяне  неяк падазрона. Так паглядзеў, што адчула я сябе гэтым, як яго, хто бомбы любіць кідаць…
 Але ўсё адно на вакзал зайшла.
 Месцаў сядзячых там стала значна менш, і ўсе нязручныя і да таго ж усе занятыя.
 І развярнулася я, вельмі расчараваная, і выйшла зноў на вуліцу, і пайшла ў бок мятро, імкнучыся трымацца спакойна і незалежна, каб Вартавыя Парадку не западозрылі ў мне, як яго, з бомбамі які…   

 …І ў мятро таксама такое часам бывае. Ідзеш да турнікета, а Вартавыя Парадку так глядзяць, як быццам рэнтген вачыма робяць.
 І на рабоце жалюся:
 - …На мяне ў мятро так глядзелі, як быццам я тэрарыст…
 - Не звяртай увагі, - сказаў начальнік, - проста ёсць інфармацыя, што нехта рыхтуе чарговы выбух… Вось, яны і глядзяць…

 …У суботу я склала кабелі ў торбу і паехала ў краму "Музыка" купіць штэкеры для гэтых кабеляў, і каб яны іх там на месцы і прыпаялі…
 Падыходжу да мятро са страхам. А раптам пільная ахова западозрыць у маіх кабелях выбуховую прыладу?
 Але, нічога, увагі на мяне ніхто не звярнуў…
 Была субота, і ў краме "Музыка" майстра не было. І прыйшлося мне вяртацца дадому ні з чым…
 …Раптам успомніла, што мне менавіта сёння трэба аплаціць паслугі мабільнага Інтэрнэту. І пайшла ў адзіны адкрыты сёння банк. Бо толькі там усярэдзіне ёсць інфакіёск, які памятае ўсе мае рахункі. У банкаматаў памяці няма…   
 Заходжу ў банк. У адзінае адкрытае  акенца - вялікая чарга. А ля інфа-кіёску - нікога. Узрадавалася я. Хутка аплаціла і пайшла на выйсце. І ўжо на выйсці заўважыла, што ахоўнік вельмі ўважліва глядзіць на мяне скрозь шкляную сценку. І тут фатаграфуюць поглядам. Ім, напэўна, за гэта прэмію плацяць…