Як гэбликам габлюшку зняць...

Ляксандра Зпад Барысава
Як гэблікам габлюшку зняць

 …Аповяд напісаўся спантана. Ніякай ідэі не было. Проста па дарозе ў краму прыляпіўся Сюжэт, як сухі ліст да рукава. Тады я не ведала, што гэта Сюжэт. Але ён мне вельмі спадабаўся, і я зняла яго асцярожна з рукава, і паклала ў кішэнь, каб не забыцца…

 …Дома я паклала Сюжэт як закладку ў дзяжурную кнігу, якую ў той час чытала. А калі займалася хатнімі справамі, да мяне раптам дайшло, што гэта сапраўдны Сюжэт, і з яго можа атрымацца Аповяд. І калі я скончыла са справамі, Аповяд таксама цалкам сфармаваўся. З кнігі я яго пераклала ў кашалёк, каб не забыцца ўзяць з сабой на працу…

 …А на працы я яго хуценька апублікавала, пакуль не забыўся…
 …Тут заходзіць да нас Галоўны Рэдактар, ён жа Журналіст і Паэт. Газетчык наш, адным словам. Я павінна была раздрукаваць яму яго дацка-юбілярны верш. І раздрукавала я заадно і свой аповяд. Хай прачытае, позахапляецца…

 …Галоўны Рэдактар усміхнуўся, узяў аповяд і сказаў, што цяпер няма часу, прачытае папазней…
 …З'явіўся ён у нас роўна праз тыдзень, хоць я чакала яго кожны дзень, спадзяючыся пачуць захапленні ў адрас свайго аповяду…
 …І сказаў Галоўны Рэдактар, што аповяд яму спадабаўся…
 - У цябе ж была нейкая Ідэя? - спытаў ён мяне.
 - Не было, - кажу сумленна, - проста напісаўся і ўсё…
 - Не можа такога быць. Заўсёды ёсць ідэя…
 І ён пачаў распаўсюджвацца вакол ідэі, якую ўбачыў у маім аповядзе…

 …І ўзяла я лісцік з аповядам з яго рук. І быў ён увесь скрэмзаны і спісаны простым алоўкам. Калі б гэта быў чырвоны аловак, то ўнізе лісціка можна было б смела паставіць тоўстую чырвоную адзінку з велічэзным мінусам…
 Перачытала я свой аповяд, улічваючы яго праўкі. Усе праўкі былі правільнымі. І калі перапісаць аповяд, улічваючы іх, то атрымаецца выдатнае школьнае сачыненне, ці добра адрэдагаваны газетны артыкул.

 І стала мне тужліва.
 Не стала я выпраўляць свой аповяд, а схавала лісцік з праўкамі ў стол, як памяць пра тое, як груба прайшліся гэблем па маім аповядзе, здымаючы разам з габлюшкай усе тыя завітушкі, якімі я так ганарылася.

 Нікому не дазваляйце выпраўляць сваіх аповядаў. Бо пасля правак ён ужо будзе не ваш, а яго, праўшчыка.