Не нарадзися прыгожай ци няудалыя агледзины

Варужка Яешня-Тутошня
Не нарадзіся прыгожай ці няўдалыя агледзіны

 Каця Морква ніколі не была ні жанчынай, ні дзяўчынай, ні нават дзяўчынкай. Яна нарадзілася адразу бабай. З цяжкай, масіўнай постаццю; з галавой, як быццам вычасанай з каменя; з рэдзенькімі, бясколернымі валасамі і вадзяністымі блакітнаватымі вочкамі.

 Напэўна, Моргат з Сауронам  у сваіх падземных майстэрнях ляпілі тролей з падобнымі постацямі.

 Каця не была злым тролем. Ня гледзячы на знешнасць высечанай сякерай бабы, Каця - цудоўны чалавек. Сентыментальная, добрая і спагадная, і ў той жа час з цвёрдым, зацятым характарам. Паглядзіш на яе і здаецца, што гэта чалавек, які ведае сваю мэту ў жыцці. А калі прыгледзецца ўважлівей, то можна заўважыць, што па-свойму яна нават вельмі сімпатычная.
 ***
 Неяк Каця адводзіць мяне ў старонку і кажа:
 - Можна цябе папрасіць дапамагчы мне ў вёсцы бульбу капаць.
 - Вядома, Каця, - адказала я.
 ***
 У вёску мы паехалі на машыне старэйшага брата Каці, Антося. Антось, таксама зусім не прыгожы малады чалавек з сіплым, як быццам прастуджаным голасам, але вельмі жыццярадасны і добразычлівы, і таму сімпатычны. На пярэдняй сядушцы, побач з Антосем сядзела Каця. А на заднім размясціліся: маладая сімпатычная жонка Антося з грудным дзіцем на руках, я і Альжбэта, Антосева супрацоўніца. І паехалі мы такой кампаніяй на вёску капаць бульбу. Усю дарогу Альжбэта мне казала перыядычна: "Ты так добра выглядаеш на свае дваццаць пяць. Ніводнай маршчынкі". Я не разумела яе здзіўлення і думала: "Якія могуць быць маршчынкі ў дваццаць пяць?"
 ***
 Бацькі Каці і Антося сустрэлі нас вельмі ветліва. І яшчэ нас сустрэў малодшы брат Каці - Юрась. У адрозненне ад Каці і Антося, Юрась быў даволі  сімпатычным маладым чалавекам, хоць і не прыгажуном. Хударлявы і гнуткі, з сінімі вачыма і залатымі валасамі. Увесь вечар ён мяне забаўляў, то загадкамі і шарадамі, то ігрой на гітары. Вельмі сімпатычны Юрась. Я нават закахалася ў яго злёгку, як улюблялася ў той час ва ўсіх, хто выпадкова апыняўся побач. Закахалася, і нават прымерыла на сябе яго прозвішча. І ўздыхнула пра сябе цяжка. "Сімпатычны Юрась," - падумала я. - "але прозвішча Морква - нікуды не варта…".
 ***
 На наступны дзень мы капалі бульбу. Працай я была расчаравана. Жадала паказаць клас, як трэба працаваць. А паказваць не атрымалася. Трактар хутка разараў увесь гарод. А працаўнікоў сабралася гэтулькі, што разгарнуцца было няма дзе. І ўсю бульбу выкапалі літаральна за гадзіну.
 Я дзівілася пра сябе: "А мяне навошта сюды прывезлі? Тут і без мяне працаўнікоў хапае." Потым стала дзівіцца ўслых, але адказу не атрымала.
 ***
 Толькі праз гады да мяне дайшло, што Каця так падбірала дзяўчыну для Юрася. З гэтай мэтай і прывезлі нас з Альжбэтай туды: а раптам, хто-небудзь ды спадабаецца.
 ***
 Выпраўлялі нас як дарагіх сваякоў, напакаваўшы кожнаму  па вялікай торбе хатніх разнасолаў.
 ***
 Сама Каця праз пяць гадоў выйшла замуж за вельмі добрага троля па прозвішчы Агурок. Сымон Агурок, такі ж масіўны, як з валуноў складзены, з вуглаватай каменнай галавой, вельмі лагодны і жыццярадасны. І хутка ў іх з'явіліся дзеткі: сімпатычная Моркаўка і Агурочак.