Амерыкана-бразильски фарш пад руским соусам

Варужка Яешня-Тутошня
Амерыкана-бразільскі фарш пад рускім соусам

  Амаль як Брус Уіліс

  ..- Ды страляй, ты, страляй, чаво ў бок глядзіш!... - баба Воля выцягнулася ўся насустрач экрану тэлевізара і гатовая сама туды заскочыць, і дапамагчы "страляць".
  …А на экране ва ўсю круціцца мясасечка рускага серыяла. І галоўны герой - Растаргуеў - так, нічога лепш не маглі прыдумаць, як даць прозвішча саліста групы "Любэ" герою фільма. Малайчыны.
  Касавокасцю пакутуе ці то акцёр, ці то сам Растаргуеў, і вочы ў яго ўвесь час у стане закачанасці угару і ў розныя бакі трошкі. І герой ён - шматпланавы. То мучыцца, што з-за  яго сына ў акадэмію не прынялі, тое рвецца на спатканне з дачкой, пра існаванне якой пазнаў зусім нядаўна, але маці гэтай дачкі хавае ад яго дзяўчынку. І яшчэ з вялікім пафасам паведамляе бандыту, што тая жанчына, якую ён спаліў у топцы - яго каханая, і што з ёй ледзь не загінула іх дачка… І такая колькасць жонак зусім не замінае яму спяшацца на спатканне з медсястрой, якая выратавала яму жыццё… 

  …А другі герой, ну зусім як Брус Уіліс, такі ж загадкава-маўклівы, у цёмных акулярах, то на выспе, то ў машыне едзе, то яшчэ чорт ведае дзе… І спрабуе ён сябе весці гэтак жа, стрымана ўсміхаецца адным кутком рота пры любой небяспецы. Я як толькі яго ўбачыла, адразу зразумела: станоўчы герой, раз так падобны. І, сапраўды. Яму далі ў сківіцу. Кроў цячэ, а ён глядзіць і ўсміхаецца кутком рота, мужна і стрымана, як Брус Уіліс…

  ..- Ды страляй, ты, страляй, чаво ў бок глядзіш!... - шалее баба Воля, - ён жа бандыт!
  - Вольга Міхайлаўна, - пытаюся, - вы хоць думаеце, што гаворыця?
  Баба Воля паглядзела на мяне, як сляпая, яна была ўся там, у серыяле, потым адвярнулася да экрана, і паўтарыла:
  ..- Ды страляй, ты, страляй, чаво адвярнуўся?...

  …- Вольга Міхайлаўна, - спрабавала я яе наставіць, сыходзячы дадому, - вы ж верніца. А такія фільмы - грэх глядзець.
  А баба Оля паглядзела на мяне, неяк крыва ўсміхаючыся і сказала:
  - Ну, павінна ж я дадглядзець, раз пачала…

  …А са сцяны глядзела на нас візантыйскае аблічча Мадоны са сталым Немаўлём з цёмнымі сумнымі вачыма…