Букет нявесты

Варужка Яешня-Тутошня
Букет нявесты

 - Прыгатуйцеся, дзяўчаты! Зараз нявеста будзе кідаць букет, - гучна абвясцілі ў дынамік. І ўсе дзяўчыны, якія прысутнічалі на вяселлі, загаманілі, замітусіліся і пабеглі строіцца ў круг…
 - Ідзі і ты, папытай шчасця, - сказаў Вадзім Наталлі.
 - Навошта? - здзівілася Наталля, - у нас з табой і так усё ясна. Вяселле праз месяц. Хай спрабуюць тыя, у каго нявызначанасць…

 …У Вадзіма з Наталляй заўсёды была поўная пэўнасць. Знаёмыя яны былі яшчэ з ясляў. Разам вучыліся ў школе. А таксама разам хадзілі ў мастацкую студыю. І ўсё жыццё вырашылі быць разам, так зручней…

 …А вяселле гуло на ўвесь квартал. Жаніўся іх былы аднакласнік, Барыс Корэйка на Лізе Белай, дзяўчынцы з паралельнага класа. І былі запрошаны на вяселле ўсе былыя аднакласнікі як жаніха, так і нявесты.

 І Ліза кінула букет, павярнуўшыся спіной да дзяўчат, праз галаву. Кідаць Ліза ўмела добра. І букет паляцеў высока-высока, круцячыся ў палёце. І яго траекторыя пралягала высока над дзяўчатамі, міма-міма, і проста на столік, дзе сядзелі Вадзім з Наталляй. Ён бы туды і зваліўся, непасрэдна перад Наталляй, калі б…

 А як жа абыйсціся без "калі б"?
 Ён туды і зваліўся б, калі б не Томка.

 Тамара Вярыгашвілі, гонар класа, прыгажуня, спартоўка і выдатніца...

 Тамара стаяла спіной да нявесты за кругам дзяўчат і размаўляла са сваім кузэнам Іракліем Думбадзэ пра вынікі апошняга футбольнага матчу.

 Выпадкова зірнуўшы верх, Тамара падскочыла і злавіла букет, не думаючы, навошта гэта яна робіць. Проста так, машынальна ў яе гэта атрымалася.

 Усё заапладыравалі.

 А Вадзім глядзеў на Тамару шырока раскрыўшы вочы ад здзіўлення, глядзеў і глядзеў. І яна таксама на яго паглядзела. А вочы ў яе былі сінія-сінія, глыбокія, як бяздонны акіян.

 "А я заўсёды думаў, што вочы ў яе чорныя", - падумаў Вадзім, - "А яны такія чароўныя…". І ён не заўважыў, як яго зацягнула ў гэтыя вочы, і ён там загінуў, захлынаючыся і задыхваючыся ад асалоды…

 А Тамара перавяла вочы на Наталлю і, убачыўшы, што тая счырванела ад прыкрасці, кінула букет ім на столік, сказаўшы:

 - Выбачайце, гэта ваш букет, - і ўцякла дадому…

 І зваліўся букет перад Вадзімам, і Вадзім утаропіўся на кветкі, не разумеючы, навошта яны тут.
 - А вось і жаніх, - захваляваўся натоўп.

 Тады Наталля ўскочыла з абражаным выглядам, счырванела яшчэ мацней і таксама ўцякла.
 А Вадзім гэтага нават не заўважыў. Ён працягваў тупа глядзець на букет.
 Ён успомніў, што калісьці ў шостым класе ён быў закаханы ў Тамару, але нават сабе баяўся ў гэтым прызнацца….

 …А праз месяц Вадзім жаніўся на Тамары. Нельга ігнараваць букета нявесты...