Жыли были тры браты...

Ляксандра Зпад Барысава
Жылі былі тры браты

 Жылі былі тры браты, Ахрым, Ахрані і Афіген…
 І закахалася ў Ахранія прыгажуня Дарота. Ці Даноса? Неданоса?...
 Дык вось, напісала гэта Недарота ліст Афігену, ці не, Ахранію…
 Зусім заблыталася, але камусьці з іх яна напісала ліст пра сваё вялікае і светлае каханне.
 Памятаю, што пісала ліст, а вось, адправіла яго ці не, гэта ў памяці не адклалася.
 І сядзела Даноса ля вакенца, падпёршы ручкай шчочку, і глядзела ў двор і млява ўздыхала пра салаўёў і ружы.
 А ў двары кешкаліся ў пяску куры і какетліва паглядалі на пеўня, які ганарліва хадзіў ўзад уперад, час ад часу пляскаючы абскубанымі крыламі і хрыпуча кукарэкаючы. І ўздрыгвала тады Неданоса і моршчылася незадаволена. І кідала тады яна ў пеўня чэрствай сухой скарынкай і крычала:
  - Кыш, пракляты!..
 А певень падбягаў да скарынкі, і з крыкам, як квактуха склікае куранятаў:
 - Ке-ке-ке-ке-ке… - хуценька здзёўбваў скарынку.
 Куры, якія падбеглі на кліч, ужо нічога не знаходзілі акрамя пяску. Але былі задаволены, што іх паклікалі, і старанна капаліся ў пяску побач з пеўнем.
 - І чаго яны там могуць знайсці? - дзівілася Дарота. - Бо ўсіх чарвякоў, што павылазілі з зямлі пасля дажджу, Янка старанна сабраў і пайшоў на рыбалку…

 …Тут дзверы адчыняюцца, і ўваходзіць Афіген, у фраку. У тэатр, напэўна за ім збегаў. І стаў Афіген у ганарлівую паставу, адну руку заклаў за спіну, сагнуўшы ў локці, а другую засунуў за борт фрака. Галаву  павярнуў у бок і ўгару, роўна на сорак пяць градусаў. І пачаў:
 - Вы мне пісалі - не адпірайцеся - я прачытаў…
 - Ды ты шо? - здзівілася Дарота.
 Тады Афіген скасіў левае вока на тумбачку ля вакна. І ляжаў на тумбачцы ружовы канверт, прыкрыты тэлефонным даведнікам, толькі краёчак быў бачны, з надпісам: "Для маво мілава А…"
 - Вунь жа, "А" напісана, - прамармытаў Афіген.
 - Ды ты шо? - паўтарыла Дарота.
 Тады Афіген павярнуўся і выйшаў, гучна пляснуўшы дзвярыма. Так пляснуў, што певень спалохаўся і засакатаў, як быццам яйка толькі што знёс. І куры перасталі какетліва паглядаць на пеўня, а сталі глядзець неяк падазрона агрэсіўна, і нават дзюбы выставілі наперад. 
 "Дрэнна, што ў нас усе мужчынскія імёны на адну літару пачынаюцца… Ці, можа, наадварот, добра гэта" - тужліва думала Неданоса…