Вусень

Ляксандра Зпад Барысава
Вусень

 Я стаяла на аўтобусным прыпынку, чакала аўтобуса. Перада мной, за дарогай, распасціраліся калгасныя палі, а за спіной - мікрараён "Кунцаўшчына".
 А па дарозе імчаліся легкавыя машыны. Не такой густой плынню, як зараз, а па адзіночцы, але таксама досыць часта.
 І раптам я заўважыла вусеня. Ён поўз праз праезную частку. Міма несліся аўтамабілі, яны маглі яго ў любы момант раздушыць. А ён поўз і поўз наперад. І я стала за яго хвалявацца.
 І калі да ходніка заставалася ўсяго сантыметраў трыццаць, нейкае кола праехала праз яго, пакінуўшы на асфальце мокрую шэрую пляму.
 А я са здзіўленнем утаропілася на гэту пляму: гэта трэба ж, гэтулькі прапаўзці, амаль праз усю дарогу, каб ля самай мэты ўсёткі дагадзіць пад кола.
 Так і мы. Жывём, мітусімся па дробязях, імкнёмся кудысьці да глабальных мэт, але ўжо дзесьці едзе тое кола, якое нечакана для нас, ператворыць нас у мокрую шэрую пляму…