Пакиньце для иншых хоць крыху...

Ляксандра Зпад Барысава
Пакіньце для іншых хоць крыху

Пра тое, што ў Менскім метрапалітэне бясплатна раздаюць газету "Вячэрні Менск" я ведала даўно, яшчэ ў тыя часы, калі не ездзіла ў мятро рэгулярна па раніцах, а ездзіла рэгулярна ў аўтобусе, зайцам, эканоміла на талончыках.
Потым стамілася эканоміць, вельмі шкодна гэта для здароўя: увесь час баяцца і глядзець у акно, рэвізораў выглядваць. І стала купляць сабе праязны на тры тыпу транспарта: мятро, аўтобус і тралейбус. Без трамвая вырашыла абыйсціся.
Першы раз я сутыкнулася з раздачай газеты зусім нядаўна, напярэдадні восьмага сакавіка.
Злева ад турнікетаў на століку ляжалі газеты, усё падыходзілі і бралі, па адной, паколькі побач стаяў міліцыянер і касіўся на столік. Усё саромеліся браць больш: газет было мала.

Другі раз сутыкнулася сёння. Заходжу і бачу: двое самавітых мужчын панура пакуюць для сябе здаравенныя кіпы газет, і на століку больш газет няма. 
- Пакіньце для іншых, хоць крыху, - папрасіла я іх. 
Адзін мужчына зірнуў на мяне спадылба, панура так, і сказаў:
- Вунь там бярыце колькі заўгодна.
Я паглядзела туды, куды ён паказаў, і ўбачыла стойку з велічэзнай колькасцю газет. Я б узяла адну газету. Але благі прыклад заразлівы, і я ўзяла цэлых шэсць, каб хапіла на ўвесь наш творчы калектыў. А потым Генадзь Мікалаевіч вымаўляў мне:
- Вось, ты ўзяла шмат газет, а камусьці не хапіла…
- Добра, - сказала я, - у наступны раз, калі пашанцуе, вазьму толькі дзве…