Дрэуца

Ляксандра Зпад Барысава
Дрэўца

 ***
 У пятнаццаць гадзін напала на мяне нейкая дзіўная трывога, да канца працоўнага дня заставалася яшчэ амаль дзве гадзіны, а мне невыносна захацелася дахаты. Здавалася, што там дзеецца штосьці нядобрае, і не проста якія-небудзь дробныя непрыемнасці, а нешта смяротна небяспечнае навісла, і няўхільна насоўваецца. Стала сябе супакойваць: ну, што там можа быць? Усё ў парадку.
 …Калі я ўвечар вярнулася дахаты, убачыла, што цытрусавае дрэўца ў калідоры, якое выгадавала мая суседка, звалілася на скрыню для гародніны. І было відаць, што не само звалілася, а яму дапамаглі: глеба была друзлай, як быццам там хтосьці капаўся, і частка глебы апынулася на падлозе.   
 ***
 Жыву я са сваім сынам Сашам у доме, у якім усяго адзін пад'езд, і на кожным паверсе па дванаццаць кватэр: шэсць кватэр справа ад лесвіцы і шэсць кватэр злева.
 Доўгі вузкі калідор, як у інтэрнаце, адзін канец якога выходзіць на лесвічную пляцоўку, а другі - на пажарную лесвіцу, і ў калідоры, справа і злева па тры кватэры.
 Шэсць кватэр, а я, практычна, ні з кім з іх не размаўляю.
 Злева, побач з пажарнай лесвіцай, жыве Ніна, псіхічнахворая. Яна перыядычна праходзіць курс лячэння ў Навінках. Я з ёй "пагутарыла" неяк раз, непасрэдна пасля засялення дваццаць два гады назад. Сустрэлася я з Нінай перад уваходам у  агульны калідор:
 - Праходзіце, - сказала я. - Я зачыню.
 Яна прайшла, і замест меркаванага "дзякуй" я пачула:
 - Усё вы тут…. Адная я, дзяўчынка сумленная. Мужыкі да вас натоўпамі ходзяць… - і гэтак далей. Я хутка збегла дахаты і больш ніколі не спрабавала з ёй загаварыць.
 Насупраць яе жыла Люда, здаровая, дзябёлая, прыгожая жанчына, вельмі гаспадарчая і акуратная, але, пры гэтым, грубаватая і бестактоўная. Гэта яна выгадавала дрэўца. У лістападзе мінулага года яна памерла.
 За дрэўцам стала глядзець Каця, якая жыла злева па цэнтры, са сваім незарэгістраваным мужам.
 Каця памерла ў лютым гэтага года.
 Насупраць Каці жыла Галя. Яна прадала сваю кватэру, і з'ехала ў Індыю на заробкі. Справа, ад уваходных дзвярэй, жыву я са сваім сынам Сашам, а злева Машка, з мужам і дачкой Светкай.
 ***
 Праз тыдзень пасля Кацінай смерці я падумала, цікава, а хто кветкі палівае? Падышла і паглядзела: зямля ў гаршчках засохла і парэпалася. Тады я стала іх паліваць. Праз некалькі дзён кветкі ў гаршчках хтосьці забраў, і засталося адно цытрусавае дрэўца. Яго не сталі забіраць, напэўна, з-за цяжкага гаршчка. І яно засталося на маёй апецы. Я яго трохі баялася. Мне здавалася, што яго цень крыху гусцей, чым у звычайнага дрэва, і вакол, як быццам, быў яшчэ арэол густога ценю. І як быццам душы памерлых жанчын пасяліліся ў яго галінах, і я не ведаю, падабаецца ім гэта, ці не.   
 ***
 Неяк перад маім выйсцем на працу Сашка кажа:
 - Там, у калідоры, пацук.
 - Дохлы? - спытала я.
 - Адчапіся. - сказаў ён.
 Выходжу ў калідор. Ніякага пацука не бачу, а бачу кучу смецця, як быццам хтосьці нёс вядро, зачапіўся за Машкіну скрыню для гародніны і прасыпаў частку. І я падумала, што пацук - гэта якая-небудзь алкагалічка-бамжыха, якая прыйшла крыху адпачыць у наш калідор і пакінула пасля сябе смецце. Я, вельмі злая, прыбрала ўсё, і паехала на працу. Калі я ўвечар вярнулася з працы, ізноў убачыла ў калідоры рассыпанае смецце. І падумала, што гэта Ніна шалее. Ізноў прыбрала: што мне заставалася рабіць, не ісці ж скандаліць да хворага чалавека.
 ***
 …А зараз дрэўца. І каму яно перашкодзіла? Я падняла яго, сяк-так замацавала, паліла вадой, і павярнула гаршчок, каб яно абапіралася на шкло, і не валілася. Калі я была ўжо ў сваёй кватэры, я пачула грукат, як быццам пластыкавая бутэлька звалілася, і пакацілася па падлозе. Вызірнула ў калідор: нікога, бутэлька на месцы, дзе я яе паставіла, і дрэўца на месцы. Потым ізноў чула грукат, выглядала, і зноў нічога не бачыла.
 ***
 Раніцай выходжу, дрэўца зноў ляжыць, а бутэлька валяецца за скрыняй для гародніны. Відаць, што ў гаршчку хтосьці капаўся. "Ну, Ніна," - падумала я. "Трэба ратаваць ад яе дрэва, а тое даломіць…" І я пайшла па іншых паверхах, і знайшла, і ўгаварыла нашу былую прыбіральніцу Свету забраць дрэўца да сябе.
 ***
 На наступны дзень была субота, і я сабралася на Камароўскі рынак. Выходжу з кватэры. На Машкінай скрыні для гародніны ляжыць нейкі шэры трохкутна-вуглаваты прадмет. Я не звярнула б на яго увагі, калі б ён раптам не саслізнуў бясшумна за скрыню. Тады я зазірнула туды: там нічога не было. "Ці не завялася ў нас якая-небудзь барабашка?" - падумала пры  гэтым.
 Калі я вярнулася з Камароўкі, і адчыніла дзверы ў агульны калідор, ад маіх дзвярэй кінуўся маленькі чорны цень і схаваўся пад Машкінай скрыняй. Тады я паклала побач са скрыняй некалькі маленькіх кавалачкаў хлеба, і паставіла ваду ў слоічку. Калі я вызірнула праз некаторы час, хлеба ўжо не было.
 ***
 ...Зараз дрэўца ў мяне няма, затое ёсць нехта пад Машкінай скрыняй для гародніны...