Сустрэча

Ляксандра Зпад Барысава
Сустрэча

 19 кастрычніка 2013 года

 Калі я ішла праз дзіцячую пляцоўку ў бок дома, там нікога не было, толькі далёка наперадзе на дарожцы маячыла мужчынская постаць, побач з якой мітусілася маленькая сабачка.
 Ізноў міма сабакі ісці. Мне стала тужліва і няўтульна. Вечна яны да мяне прыстаюць: ці абнюхваюць ці брэшуць…
 Стала я здалёк прыглядацца да сабачкі: а, раптам, бульдог. Баюся бульдогаў.
 Не, не бульдог. Маленькая, беленькая, кудлатая і вялікагаловая сабачка, у папонцы.
 Напэўна, гэта тая, якая падлізвалася да мяне ўлетку, на лаўцы.
 Я паглядзела на яе гаспадара. Высокі, худы, у доўгім карычневым плашчы і кепцы. Цень ад брыля кладзецца на твар. І я на такой адлегласці за тое імгненне, што глядзела, на твары нічога не ўбачыла, толькі цёмна  шэрую пляму.
 Побач са сваім маўклівым і безаблічным, як  здань, гаспадаром, сабачка была вельмі жывая і рухомая.
 Убачыўшы, што я на яе гляджу, яна падбегла да мяне, панюхала мае ногі і пытальна паглядзела ў твар.
 А я мінула, увесь час на яе аглядаючыся.
 А сабачка глядзела мне ўслед з нейкім вельмі чалавечым здзіўленнем. Як быццам у нас з ёй была тут прызначана сустрэча, а я мінула і не прывіталася.