Виталины пакуты

Ляксандра Зпад Барысава
Віталіны пакуты

 Стаіць Віталя на ходніку, на самай абочыне, хістаецца, руку выцягнуў наперад на праезную частку, як шлагбаўм: галасуе. Машыны едуць шчыльнай плынню, ніводная не спыняецца. А Віталя працягвае зацята галасаваць,  выцягваючы руку наперад гарызантальна перад кожнай машынай. Твар у Віталі зусім абяссэншаны, майка ў Віталі чырвоная, без рукавоў. На джынсах ззаду падазроная пляма, як быццам Віталя доўга сядзеў у лужыне. Часам невядомая сіла адносіць Віталю ад краю ходніка, і ён, робячы круг на няслушных, дрыготкіх нагах, вяртаецца на зыходную пазіцыю і зноў выцягвае наперад руку. Ідуць машыны адна за другой, але не спыняюцца.
 Ну, хоць бы хто-небудзь злітаваўся, узяў і падвёз гэтага пакутніка. Не, ніхто не жадае.
 Нарэшце спыніўся тралейбус. Віталя яму таксама галасаваў. Але тралейбус спыніўся зусім не таму, што яму Віталя галасаваў, а таму, што на гэтым месцы прыпынак быў.
 Спыніўся тралейбус. Адчыніліся дзверы. Віталя, хістаючыся, зайшоў у тралейбус. Дзверы зачыніліся, і тралейбус паехаў. А затым з тралейбуса раздаўся дынамічны голас:
 "Асцярожна. Дзверы зачыняюцца. Тралейбус рухаецца ў парк".
 Так, не пашанцавала Віталю, у парк паехаў.
 Тут жа падышоў дваццаць дзявяты аўтобус, і я ўвайшла ў яго.
 На наступным прыпынку ў аўтобус хістаючыся заходзіць Віталя, не захацеў ехаць у тралейбусны парк.
 Дзе Віталя выйшаў з аўтобуса, я не заўважыла. Калі я выходзіла на сваім прыпынку, Віталі ў аўтобусе ўжо не было.