Гарманист на беларускай мове

Ляксандра Зпад Барысава
Гарманіст

 Хто шмат ездзіць у дваццаць дзявятым аўтобусе, той мог бачыць там пенсіянера з гармонікам. Калі б ён проста ціха сядзеў, то на яго ніхто б не звярнуў увагі. Але ён усю дарогу спявае. На адзін і той жа матыў розныя старыя савецкія песні. Прычым ніводнай песні ён не праспяваў да канца: лепіць у бясконцы ланцужок адзін фрагмент за другім, змяняючы словы і перакручваючы сэнс. Раней мяне гэта раздражняла, зараз забаўляе.
 Еду ўчора з Камароўкі. Бачу, стаіць у салоне, прыхіліўшыся да багажнай скрыні, і гармонік перад сабой трымае. Я б яго не пазнала, калі б не гармонік.
 Знешнасць у яго несамавітая, звычайны, шэранькі, нявыразнага ўзросту чалавек: можна даць ад пяцідзесяці да сямідзесяці гадоў.
 Я ўжо жадала ўстаць і саступіць яму месца. Але ўбачыла, што насупраць паднялася і накіравалася да выйсця жанчына, і раздумала ўставаць.
 Але ён сеў не туды, а на свабоднае месца наперадзе. Сеў і заспяваў, і зайграў… Жанчына, якая сядзела побач з ім, ля вакна, не вытрымала, папрасіла яго ўстаць, і перасела, вельмі незадаволеная.
 Тады музыка звярнуўся да бабулькі ў хустачцы насупраць:
 - Не падабаецца ім… Ну, і не трэба. А вы будзеце слухаць?
 - Буду, - пагадзілася добрая бабулька.
 - Я вас павіншую з днём нараджэння. - важна сказаў гарманіст. - Сёння пятнаццатае лістапада…
 На самай справе было дваццатае кастрычніка.
 - Я нарадзілася дзявятае лістапада, - радасна паведаміла бабулька.
 - Каб вызначыць сапраўдны дзень нараджэння, - працягнуў гарманіст, - трэба да дня вашага нараджэння дадаць дваццаць тры, і адняць дваццаць восем, такім чынам дзевяць плюс дваццаць тры, атрымліваем трыццаць два, адымаем дваццаць восем, атрымліваем шэсць. Бачыце, напачатку ў вас дзявятка, у канцы - шасцёрка. Два магічных лікі. Адгэтуль выходзіць - сапраўдны дзень нараджэння ў вас - шостае снежня.
 І заспяваў:
                С днём рождения тебя,
                Поздравляет вся семья,
                Дорогая, мама, милая моя!
                Принесла ты счастье в дом,
                Я не думал быть бомжом,
                Дорогая, мама, милая моя!
 Я шкадавала, што ў мяне не было з сабой ручкі і паперы, таму што такіх шэдэўраў ён праспяваў масу. Адзін толькі затрымаўся ў галаве:
                В каждой девочке растёт,
                Мать, отец, тепло и лёд…
 Такая глыбокая філасофія...