Зайцы, совы и пугачы

Ляксандра Зпад Барысава
Зайцы, совы і пугачы

 Заяц - безквітковы пасажыр
 Сава - кантралёр-кандуктар
 Пугач - кантралёр-рэвізор

 …Збіраючыся на працу, я паклала дзяжурны талончык у кашалёк: будзе там Сава, закампастую, не будзе - паеду так…
 …На канчатковым прыпынку заходжу ў аўтобус. Сава там. Саджуся на вольнае месца, адкрываю кашалёк і пачынаю шукаць там талончык. Сава спыняецца побач са мной і цярпліва чакае. Я шукаю талончык, а ён усё не знаходзіцца, усе нейкія грошы пад руку трапляюцца. Я так занята пошукам, што зусім не заўважаю, што мужчына, які сядзіць побач са мной, заняты тым жа: штосьці шукае ў кашальку. Нарэшце я знайшла талончык, дастала яго і пайшла кампаставаць. Сава, убачыўшы, што ад мяне ніякай здабычы не прадбачыцца, раздражнёна сказала:   
 - Жанчына!... Нельга так доўга… Вы ў мяне не адны…
 …Калі ж і мой сусед знайшоў свой талончык, і пайшоў яго кампаставаць, яна толькі моўчкі на яго зірнула, і пакрочыла далей…

 Баязлівы заяц - калі ў яго ёсць талончык, ён яго адразу кампастуе, заходзячы ў аўтобус. Калі няма, едзе так, і ўвесь час баіцца, уздрыгвае і аглядаецца. Калі бачыць на прыпынку людзей у форме, тут жа выскоквае на вуліцу, нават калі гэта не Пугачы, а ўсяго толькі дарожныя будаўнікі ці прыбіральнікі. Меней баязлівы заяц, але ўсё ж баязлівы, у гэтай сітуацыі адразу кампастуе свой дзяжурны талончык. Баязлівы заяц з дужымі нервамі спачатку вызначае з выгляду, ці пугачы гэта, і ці збіраюцца яны заходзіць у аўтобус, і кампастуе свой талончык толькі ў тым выпадку, калі бачыць, што Пугачы збіраюцца зайсці ў аўтобус.
 Нахабны заяц - заходзіць у аўтобус, садзіцца ля акна, і робіць выгляд, што нікога не заўважае. Калі Сава да яго звяртаецца, ён грэбліва кідае праз плячо: "-Праязны", - хоць сам, можа нават не ведае, як выглядае гэты праязны. Калі Сава пасля гэтага не ідзе далей, а просіць паказаць ёй праязны квіток, адварочваецца да акна, і перастае звяртаць на яе ўвагу. Калі ў аўтобус заходзяць Пугачы, нахабны заяц прыкідваецца спячым. Ён ведае, што ў аўтобусе зайцаў і без яго досыць. А Пугачы звычайна задавальняюцца адным злоўленым зайцам. Таму нахабны заяц не мітусіцца, не імкнецца закампаставаць талончык, калі заходзяць Пугачы, а сядзіць спакойна, як быццам у яго праязны на ўсе тыпы транспарта. Калі ж Пугачы вырашаюць праверыць яго, так ужо не пашанцавала, ён ці плоціць штраф, ці вырываецца з аўтобуса, збіваючы Пугачоў з ног.

 Саву можна пазнаць па сіне-жоўтым апярэнні з лейбай "Кантралёр-кандуктар" на спіне. Калі лейбы няма, ці з іншым надпісам, значыць гэта не сава, а нейкая іншая птушка.
 Чароўныя совы – усім падабаюцца, і яны таксама сабе вельмі падабаюцца. У іх усе зайцы ператвараюцца ў сумленных пасажыраў, за выключэннем самых нахабных, сутыкаючыся з якімі, чароўная сава абыходзіць іх бокам.
 Флегматычныя совы - ім ні да чаго няма справы. Яны спакойна ходзяць па салоне аўтобуса і ні да каго самі не чапляюцца. Такія совы сустракаюцца вельмі рэдка, але ўсё ж часам сустракаюцца.
 Агрэсіўныя совы - у кожным пасажыру бачаць зайца, глядзяць на ўсіх падазрона, і нікога не прапускаюць без праверкі. Ходзяць па салоне аўтобуса, выпусціўшы кіпцюры, каб своечасова ўчапіцца ў нахабнага зайца.
 У пугачоў такое ж сіне-жоўтае апярэнне, як і ў соў, за выключэннем лейбы, надпіс на якой абвяшчае "кантралёр-рэвізор".
 Пугачы могуць лётаць па адзіночцы ці групамі ад дзвюх да пяці птушак.
 Пугачы для зайцаў больш небяспечныя, чым совы. Калі сава яго толькі злёгку паскубе, пугач можа ўсю поўсць абадраць. Пугачы, як і совы, бываюць чароўныя, флегматычныя ці агрэсіўныя. Чароўныя і флегматычныя совы для зайцаў практычна бясшкодныя, таму, што ў аўтобус яны залятаюць выключна для таго, каб адзначыцца ў кіроўцы. А вось агрэсіўныя пугачы, асабліва, калі яны лётаюць групай, вельмі небяспечныя. І рэдкі заяц можа выслізнуць ад іх без пакарання. Толькі вельмі моцны і вельмі нахабны заяц можа вырвацца з іх кіпцюроў, захаваўшы сваю поўсць.

 …Неяк, каб хутчэй дабрацца да дыскаунтэра, я вырашыла праехаць адзін прыпынак. Заходжу, бачу ўдалечыні агрэсіўную саву. Памкнулася адразу выйсці, але кіроўца ўжо зачыніў дзверы. Тады вырашыла выйсці на наступным прыпынку. Сава таксама мяне заўважыла, зразумела, што я заяц, і, ігнаруючы, пакуль, усіх астатніх новых пасажыраў, распусціла крылы, выпусціла кіпцюры, і паляцела на максімальна даступнай для яе хуткасці, каб вырваць з мяне належны для яе жмут поўсці. У яе, вядома, гэтага не атрымалася, таму што я была мацёрым зайцам, хоць і не агрэсіўным. Ігнаруючы бяспечнае для мяне вуханне і лопат крыламі, я выйшла з аўтобуса, вырашыўшы, што гэта занадта дорага аддаваць за адзін прыпынак цэлы жмут поўсці.