У аутобусе

Ляксандра Зпад Барысава
У аўтобусе

  Ў аўтобусе ўсхадзіўся адзін нецвярозы дзядзька пажылых гадоў. Пасажырам не спадабалася, што ён пры дзецях лаецца дрэннымі словамі, і яны пераканаўча папрасілі яго выйсці з аўтобуса.
  Ён выйшаў, але пры гэтым чымсьці так стукнуў па аўтобусе, што па ўсім салоне гуд пайшоў.
  Гэта, у сваю чаргу, не спадабалася кіроўцу. Ён выскачыў з аўтобуса, дагнаў дзядзьку і штосьці яму доўга і раздражняльна казаў. Потым вярнуўся на сваё кіроўчае месца.
  Пакрыўджаны дзядзька падышоў да аўтобуса, стукнуў нагой па коле і пайшоў, хістаючыся, прочкі.
  Кіроўца зноў раззлаваўся. Схапіў жалезную палку, дагнаў дзядзьку і пляснуў яго палкай па мяккім месцы. Дзядзька са здзіўленнем паглядзеў на кіроўцу. Кіроўца зноў яму доўга і пераканаўча штосьці казаў, потым вярнуўся ў аўтобус. Аўтобус крануўся.
  Дзядзька пастаяў у роздуме, а потым кінуўся даганяць аўтобус, каб стукнуць яго як-небудзь нагой. Пры гэтым ён выскачыў на праезную частку, і ўсе пасажыры са страхам на яго глядзелі: як бы гэты дурань не угадзіў пад машыну.
  Аўтобус ён не дагнаў.
  Куды потым ён пайшоў - невядома.