Хлусня и прауда

Ляксандра Зпад Барысава
Хлусня і праўда

 Стаю на прыпынку і планую: калі прыйдзе дваццаць дзявяты аўтобус, еду адразу дадому. Калі прыйдзе тое, што едзе проста, - тады з перасадкамі, праз мятро.
 Падыходзіць дваццаць другі тралейбус, значыць - да мятро. Саджуся, еду. Падыходзіць кандуктар: "Што ў вас?" - "Праязны… Паказаць?" - кандуктар ківае: так, паказаць.
 Лезу ў торбу за кашальком, каб дастаць праязны. А торба ў мяне цяжкая, кілаграмаў пяць. Кандуктар кажа: "Не трэба даставаць. Я вас памятаю. На наступны месяц праязны не патрэбен?" - "Я ўжо купіла, і ў мяне з мятро". Праязныя на мятро кандуктары не прадаюць.
 Кандуктар пайшла далей.
 І калі яна была на процілеглым канцы тралейбуса, я ўспомніла, што ў гэтым месяцы купіла праязны толькі на мятро і аўтобус, каб зэканоміць.
 Добра, што мне трэба было ехаць толькі два прыпынкі, а то б згарэла ад сораму.
 Але ў той момант, калі я размаўляла з кандуктарам, я так была ўпэўнена, што з праязным у мяне ўсё ў парадку, што кандуктар, а яны добрыя псіхолагі, таксама мне паверыла.