Бизнэс у арэоле хатняй утульнасци

Ляксандра Зпад Барысава
Бізнэс у арэоле хатняй утульнасці

 Як толькі рэзка абваліўся курс даляра, і цэны ўскокнулі, прыйшлося адмовіцца ад шмат чаго імпартнага і перайсці на айчыннае і напалову айчыннае.
 Вось так і з шампунем атрымалася. Замест французскага стала шукаць альтэрнатыву танней.
 На Камароўцы зазірнула ў адну з крамак, і выплыла мне адтуль насустрач ветлівая гаспадыня.
 - Што жадаеце?
 Я нічога не жадала. Жадала спакойна паглядзець, што ў іх ёсць, без іх дакучлівага ўмяшання. Таму прыдумала ўмову паскладаней:
 - Мне, - кажу, - патрэбен шампунь, украінскі, мужчынскі, для доўгіх густых валасоў, ўмацавальны.
 І спадзявалася, што яна ўздыхне і скажа, што такога ў іх няма.
 Тут на сцэну з задніх дзвярэй выплывае муж гаспадыні і дастае мне з верхняй палічкі пластыкавую чорную бутэльку з высакародным зялёным малюнкам па чорным фоне. І яна адпавядае ўсім, пералічаным мной умовам, і кошт нізкі, усяго шаснаццаць.
 У наступны раз я пайшла зноў да іх.
 І ў наступны.
 І веяў у іх крамцы дух хатняй утульнасці і зычлівасці, а сама гаспадыня нагадвала мне вонкава маю аднакласніцу Ірку Шмуйловіч і яе маму адначасова, сваёй дабрынёй.
 Калі я прыйшла і ў наступны раз, гаспадар, уздыхнуўшы, сказаў, што кошт зараз іншы, не шаснаццаць, а дваццаць два. Драпнула гэта трохі, але ўслых я сказала:
 - Што ж паробіш, цэны растуць, - і купіла па новым кошце.
 ***
 А ў наступны раз я зайшла ў ЦУМ, паглядзець, ці ёсць там гэты шампунь.
 Апынулася - ёсць, і па васямнаццаць.
 І працавала дзяўчына абсалютна абыякава, без усякай хатняй утульнасці.
 І я зразумела, што гэта яе абыякавасць мне падабаецца куды больш, чым рынкавая хатняя ўтульнасць. І танней, і не адчуваеш сябе камусьці ў чымсьці абавязанай.