Савецкая якасць з нагрузкай

Ляксандра Зпад Барысава
Савецкая якасць з нагрузкай

 Ля гастранома шэрагамі сядзяць жанчыны і гандлююць, хто чым. У адной з іх, ля самай сцяжынкі, лук. Ідэальны, кругленькі, цыбулінка да цыбулінкі, відаць, што крамяны. І шалупіна, тонкая і пругкая, блішчыць на сонцы.
 - Колькі каштуе лук? - пытаюся.
 - Дванаццаць…
 - Пару цыбулін не прадасцё?
 - У мяне толькі кілаграм, - нейкім вінаватым тонам кажа жанчына. І я іду далей, не патрэбен мне кілаграм.

 У гастраноме лук таксама прадаецца, па сем восемсот, пафасаваны ў пакеты, узважаны, з прылепленымі цэннікамі.
 І ў кожным пакеце лук рознакаліберны: некалькі буйных, некалькі дробных і адна-дзве гнілыя.
 "Ну, што вы жадаеце? – пытаюся ў сябе голасам прадаўшчыцы. - Жадаеце купляць танны лук? Атрымлівайце гнілы ў нагрузку…"
 І абураюся сама сабе ў адказ, як пакупнік: "Я, што вам, свіння, гнілы лук купляць?..."

 І стаю я так і перажываю над гэтым лукам, і над свінскім стаўленнем да нас, да пакупнікоў.

 Потым не вытрымала і падышла да маладзенькай прадаўшчыцы, якая ўзважвала гародніну-садавіну.

 - Дзяўчына, дастаньце гэту цыбуліну. Яна зусім мяккая і трэснутая. Навошта мне гнілая цыбуліна?

 І адбыўся цуд. Дзяўчына дастала, і паўторна ўзважыла астатні лук, і наляпіла новы цэннік па-над старым.

 А калі я пайшла на касу, яна стаяла і задуменна круціла ў руках вынятую цыбуліну…
 Можа, падкладзе ў іншы пакет. І іншы, не такі пераборлівы пакупнік купіць яе…