Гэтыя страшныя галалёды

Варужка Яешня-Тутошня
Гэтыя страшныя галалёды

На нашым Дзікім Захадзе суцэльныя то ўздымы, то спускі. Успамінаецца, іду з прыпынку па гэтай гарыстай бездаражы. Заснулы ў аўтобусе Сашулька спіць у мяне на плячы. Не жадаю яго будзіць. Іду павольна, то слізгаю ўніз па ледзяной горцы, то павольна і асцярожна ўзбіраюся ўгару. А за мной ідзе хтосьці, не бачу, хто, і рыпае:
- Вось, звалішся, зломіш дзіцяці хрыбетнік…

Аб адным я ў той момант шкадавала, што рукі заняты, слізка, і не магу я абярнуцца і даць як след па гэтай паскуднай рожы, якая крумкае…

***
…Прыпаўзла я неяк па такой галалёдзіцы з Сашулькам на прыпынак у шэсць раніцы, каб ехаць на працу і адначасна ў дзіцячы сад. Стаім на прыпынку, доўга стаім. І тут хтосьці сказаў, што аўтобусы не  ходзяць з-за галалёду. А вось, тралейбусы, кажуць, ходзяць. І папаўзла я з Сашулькам тры прыпынкі пешшу да тралейбуснага прыпынку. І сапраўды, тралейбусы ходзяць. Зайшлі мы ў тралейбус, селі ля вакенца і задрамалі абодва. А тралейбус паўзе павольна, часта спыняючыся. А дрэмлем, задаволеныя, што хоць павольна, а ўсёткі едзем. І я, пэўна, моцна заснула, што не заўважыла, што тралейбус наогул спыніўся і стаіць досыць доўга. Ён стаіць, а мы дрэмлем сабе.
 
Потым кіроўца сказаў:
- Тралейбус далей не ідзе.
 
І прыйшлося выбірацца на вуліцу, у вецер і галалёд, і ісці пешшу далей. І вось цягнемся мы так, слізгаючы, па галалёдзе і супраць ветра. Колькі я так прайшла пешшу, не памятаю, але апамяталася я поруч  гандлёвага комплексу на П. Глебкі. Тут да мяне дайшло, што з гэтымі тэмпамі я да абеду буду паўзці да садка. А потым што? Гэтым жа макарам зваротна?

- Пайшлі дадому, - сказала я Сашульку.

Добра, што яшчэ не вельмі далёка сышлі.
З дому я патэлефанавала на працу. Былі ў нас у той дзень героі, якія дапаўзлі да свайго працоўнага месца. Але іх было мала. Герояў у нас заўсёды мала.