Заячая инструкцыя па беларуску

Варужка Яешня-Тутошня
Заячая інструкцыя

Ўважліва агледзьце надыходзячы транспарт праз вокны на наяўнасць рэвізораў ці кандуктара ў ім.
Калі ёсць рэвізоры, адважна заходзьце ў тыя дзверы, поруч якіх яны кучкуюцца.
Каб яны бачылі, што вы толькі што зайшлі, і не чапалі вас. А валідатары ж заблакаваны, то на чорта і праязны да іх падносіць?
Калі яны кучкуюцца на прыпынку разам з вамі, тым лепш, заходзьце адразу ўслед за імі.

Калі ў транспарце толькі кандуктар, заходзьце ў процілеглыя ад яго дзверы, каб ён не мог бачыць, ці падносілі вы праязны да валідатара.
Калі і кандуктара няма, гэта не значыць, што яго сапраўды там няма. Вы проста маглі яго не заўважыць. Тады заходзьце ў заднія дзверы.
Зойдучы ў салон, павольна прабірайцеся ў сярэдзіну салона, і прыстройцеся там, дзе-небудзь далей ад валідатараў, са стомленым выглядам, як быццам вы тут ужо не першы прыпынак едзеце. І кандуктар, які праціскаецца міма вас, са сваім дзяжурным "Аплачвайце праезд, хто зайшоў" ужо абрыдзеў вам да немагчымасці сваёй вечнай хаднёй сюды-туды.

Калі ён асабіста да вас прыстане: "А што ў вас?", можна нядбайна кінуць: "Праязны".  Калі гэта не дапаможа, тады павольна, незадаволена моршчачыся пачніце капацца ў торбе, каб дастаць картку праязнога. Дастаньце і пакажыце. Рэчаіснасць яго праверыць немагчыма.

Калі вы едзеце і бачыце, што там на прыпынку тусуюцца рэвізоры, паспрабуйце без панікі, загадзя падрыхтавацца да выйсця.
Калі рэвізоры вашым транспартам не зацікавіліся, зайдзіце зваротна праз іншыя дзверы.

Калі вы выпадкова не заўважылі рэвізораў, і яны зайшлі ў транспарт, на якім вы едзеце, не тузайцеся, спакойна стойце, як быццам у вас усё ў парадку. У транспарце досыць нервовых людзей, якія тузаюцца і кідаюцца да выйсцяў і валідатараў. На іх і канцэнтруюць сваю ўвагу рэвізоры, як на патэнцыйную здабычу. А на астатніх могуць наогул не звярнуць увагі.

Калі ўсё ж яны звернуць на вас увагу, і пачнуць правяраць ваш праязны, можна наіўна поздзіўляцца:
- Я падносіў да валідатара…

Калі гэта не дапаможа, тады, ну што ж, плаціце штраф. Не так ужо і часта рэвізоры трапляюцца па дарозе. Заплаціць штраф - шмат танней, чым рэгулярна купляць праязныя.