Кали котку не гладзиць...

Варужка Яешня-Тутошня
Калі котку не гладзіць…

"Калі котку не гладзіць, у яе высыхае спінны мозг"

…Пакуль мы з Галяй размаўлялі пра надвор'е, я, нахіліўшыся, пальцамі левай рукі злёгку дакранулася да коткінай патыліцы, якая драмала на падлозе злева ад мяне.

Котка рэзка тузанулася ў бок, і паглядзела на мяне, вытарашчыўшы вочы, са здзіўленнем, як дама на велікасвецкім балі, якой выпадковы незнаёмы лакей паспрабаваў паправіць пёры ў прычосцы.

- Не падабаецца ёй, калі чужыя яе спрабуюць пагладзіць, - сказала я, незадаволеная гэтым. Мне заўсёды здавалася, што коткі мяне любяць, паколькі сама я іх вельмі люблю. А вось, тузанулася, глядзіць са здзіўленнем.

- Але не падабаецца, - сказала задаволеная Галя, і ўзяўшы котку на рукі, стала яе ціскаць і жмякаць, як вялікую мяккую цацку. Котка трывала.

Тады Галя прыціснула да сябе котку, як маленькага дзіцяці, і мы працягнулі гутарку пра надвор'е.

А котка, прыціснутая да Галі вертыкальна, вялікая і шырокая, глядзела на мяне са здзіўленнем, і перыядычна тузалася, як ад удару электрычнага току.

- Адпусці ты яе, - кажу, - бачыш, ёй не падабаецца так сядзець.

І котка, як быццам зразумеўшы мае словы, моцна рванулася, і вырваўшыся ў Галі з рук, уладкавалася на падлозе ўжо справа ад мяне.

Размаўляем мы з Галяй пра надвор'е далей, а котка то дрэмле, то паглядае на мяне ўсё з тым жа адчужаным здзіўленнем.

І тады я са шкоднасці яшчэ раз дакранулася да коткінай патыліцы. І котка пацягнулася да маёй рукі, вочы яе зажмурыліся ад задавальнення. А я лёгенька, ледзь дакранаючыся, правяла рукой па яе галаве. І яшчэ раз, і яшчэ. І котка цягнулася і цягнулася да рукі, і ўпівалася асалодай так, як умеюць толькі коткі.

- Бачыш, як мяне коткі любяць? - сказала я Галі.
- Бачу, - пагадзілася Галя.

Напэўна, гэту котку ні разу не гладзілі.