Ангелец

Варужка Яешня-Тутошня
Ангелец

 З'явіўся ён перад першым заняткам па ангельскай мове ў нашай, другой групе "Б". Прыгожы, элегантны, у класічным шэрым гарнітуры і белай кашулі. Праўда, без гальштука, і верхні гузік расшпілены. Некаторыя павярнулі ў яго бок галаву на секунду, і зноў адвярнуліся, вярнуўшыся да перапыненай гутарцы. Усё падумалі, што зайшоў нейкі студэнт валацужны.

 А гэты валацужны студэнт падышоў да выкладчыцкага стала, устаў за яго і ціха, але пераканаўча, пастукаў пальцамі па стальніцы.
 Тут мы ўспудзіліся: выкладчык, і хуценька разашліся па месцах.

 Група наша была пачаткоўнай па вывучэнні ангельскай мовы: у школе ўсё вучылі нямецкую.
 А выкладчык малады, добрасумленны, вырашыў навучыць нас правільнаму ангельскаму вымаўленню. Распавёў, як трэба правільна выгінаць і закручваць, ледзь не ў вузел завязваць, язык, і куды яго накіроўваць у такім закручана-завязаным стане. А пасля гэтага прамаўляць гук.
 А потым хадзіў уздоўж шэрагаў, кожнаму глядзеў у рот: ці правільна там усё закручана-завязана, і прымушаў прамаўляць гук. Некалькі разоў прымушаў.
 На шчасце, яму гэта хутка надакучыла, а мы як гаварылі з ярка выяўленым беларускім акцэнтам, так і працягвалі.

 Калі мы, не ўчуўшы зададзенага пытання, прасілі: "Паўторыце, калі ласка.", ён паўтараў, а потым дадаваў: "Калі вы мне скажаце: "will you kindly, repeat please", я дзесяць разоў паўтару". Але ніхто так і не адважыўся сказаць гэты чароўны  загавор.

 А вочы ў яго былі проста дзівосна-чароўныя, цёмныя і сумныя, як у сабакі. І толькі я памкнулася прызнаць для сябе той факт, што я да яго неабыякавая, як Людка мяне апярэдзіла, і заявіла пра гэта голасна.
 Я не жадала за ёй паўтарацца, і я ўласную закаханасць перавяла ў стан анабіёзу, і загнала далей і глыбей, і забылася пра яе існаванне.

 І Людка мне пяць гадоў распавядала, як яна ў яго закахана, і як ён на яе глядзеў, значыць, таксама закаханы…
 І я ёй спагадала.
 ...І для Людкі гэта закаханасць скончылася трагічна, розум за розум зайшоў, і патрапіла яна ў Навінкі...
 ...Хоць, можа, закаханасць тут ні пры чым. Людка актыўна займалася ёгай, усякімі паставамі, трансамі. Можа, сышла і не вярнулася...
 ...Хоць, і ёга, можа, тут ні пры чым. А вінаватыя бацькі, якія ўвесь час істэрычнымі галасамі крычалі на яе:
 - Ах, ты, быдла, свіння няўдзячная!...
 У каго заўгодна мазгі звар'яцеюць, калі бацькі так крычаць…