Вецер у галаве

Варужка Яешня-Тутошня
Вецер у галаве

 На пятым курсе заняткі пачыналіся першага верасня. І, таму, што на бульбу пяты курс не адпраўлялі, у будатрад таксама ніхто не захацеў ехаць. І ў Малдову, на збор памідораў, з нашай групы я паехала адна.
 Вярнуўшыся з будатрада восьмага верасня, я не паспяшалася на заняткі, а яшчэ на два тыдні паехала да бабулі ў вёску, адпачыць пасля стомнага лета. І толькі ў другой палове верасня, бліжэй да канца, паехала ў Менск.
 Са сваёй сяброўкай Людкай сустрэлася непасрэдна перад аўдыторыяй за трыццаць хвілін да пачатку лекцыі. Мяне так і распірала ад назапашанай за лета інфармацыі. Таму, не адкладаючы справы ў доўгую скрыню, я абрынула на яе цэлы струмень падзей, гісторый, прыгод. Празвінеў званок, усё пайшлі ў аўдыторыю. Мы ўладкаваліся з ёй у першым шэрагу, і я працягнула свой аповяд, паралельна механічна, не задумваючыся, запісваючы лекцыю.
 …Я сядзела на першай парце з карычневымі, ад соку грэцкіх арэхаў, пальцамі, адчувала сябе дыскамфортна ад гэтых пальцаў, і, ня гледзячы на гэта, працягвала шэптам распавядаць свае гісторыі.  Мы бурна весяліліся. Я бачыла, што лектару гэта не падабаецца, але спыніцца не магла.
 …І вось дзень заліку. Адчуваючы, што нашы справы - дрэнь, мы з Людкай вырашылі бурна адсвяткаваць свой крах. Узяўшыся за рукі, хадзілі па калідоры, гучна спяваючы "Вихри враждебные веют над нами". І не трэба дзівіцца, што пасля ўсяго гэтага і я і Людка атрымалі незалік.
 …На пераздачу я прыйшла ў прыгнечаным стане. Прадмета  не ведала, і спазнаць яго для мяне было немагчыма: занадта мудрагелістая навука. Я знарок упусціла ручку і палезла за ёй пад парту. Там я крыху паплакала ад роспачы, і вылезла адтуль з чырвонымі вачамі.
 …І ў гэтым было маё выратаванне. Убачыўшы мае чырвоныя вочы, выкладчык вырашыў, што я ўсвядоміла сваю легкадумнасць, задумалася і раскаялася, задаў мне некалькі простых пытанняў, паставіў залік і выпусціў на волю.
  Гэта быў іспыт па метадам аптымізацыі праграміравання.