Галюцынацыи

Варужка Яешня-Тутошня
Галюцынацыі

 Самуіл Давыдавіч Лунішчара чытаў ва ўніверсітэце курс лекцый па сацыяльнай псіхалогіі. Прадмет лічыўся не абавязковым і таму завяршаўся звычайным, недыферэнцыяваным залікам. Студэнты звалі Самуіла Давыдавіча паміж сабой Сэмам і любілі яго за дабрыню, і за тое, што ён усім без выключэння ставіў залік аўтаматам.   
 На лекцыях Сэма першыя шэрагі заставаліся вольнымі: усё імкнуліся сесці далей.
 Выкладчык хадзіў ўздоўж дошкі, гледзячы то ў падлогу, то ў столь, манатонна распавядаў, час ад часу, спыняўся, штосьці пісаў на дошцы. Маленькі і несамавіты, з чорнымі хвалістымі валасамі, якія спадалі да самых плячэй, на аўдыторыю ён не глядзеў, як быццам там нікога не было.   
 Аўдыторыя таксама не звяртала ніякай увагі на выкладчыка, кожны быў заняты сваёй справай: адны ціха шапталіся, хтосьці чытаў кнігу, хтосьці драмаў у кутку. І толькі некаторыя пісалі канспекты, на ўсякі выпадак.
 Гэлька з усяе сілы змагалася са сном: усё плыло перад вачамі і засцілалася смугой. Ёй гэта так надакучыла, што яна вырашыла заняцца чым-небудзь: уяўна намалявала вакол галавы Сэма  кружок - атрымаўся медаль - і стала ўпрыгожваць гэты медаль дэталямі: лаўровыя галінкі, прыгожыя літары і лічбы… Так захапілася, што не заўважыла, што выкладчык таксама на яе глядзіць. Гэлька машынальна паглядзела яму ў вочы і апынулася літаральна у іншай прасторы. Бакавым зрокам яна бачыла, што знаходзіцца ў той жа аўдыторыі, і ў той жа час яна апынулася ў нейкім бясконцым акіяне, сінім-сінім, а над ім не меней цудоўнае сіняе-сіняе неба. І яна павольна-павольна апускаецца ў ваду, увесь час застаючыся на паверхні… і гэта была такая асалода...         
 …Пасля  заняткаў Гэлька з Марфутай, як дзве кабылкі, якія сарваліся з ланцуга, несліся па бясконцым  універсітэцкім калідоры. За адным з заваротаў яны наткнуліся на Сэма. Той стаяў ля акна і глядзеў у двор. Пачуўшы тупат, ён павярнуўся. Марфута пранеслася далей, а Гэлька неспадзявана для сябе спынілася, і паглядзела Сэму ў вочы. І зноў свет раздвоіўся - яна апынулася ў адкрытым космасе - бясконцая чорная прастора са мноствам зорак - і варта зрабіць толькі крок, каб апынуцца там - у бязважкасці - і няма нічога цудоўней гэтага - трэба толькі зрабіць адзін крок…
 …Але на гэты крок не хапіла адвагі. Гэлька вымучана засмяялася і кінулася бегчы далей, дзе яе чакала, і з нецярпеннем капала зямлю капытом другая кабылка, Марфута.