З Вицебскай вобласци

Варужка Яешня-Тутошня
З Віцебскай вобласці

 Мухін Фёдар Фёдаравіч, царства яму нябеснае, чытаў у нас курс лекцый па гісторыі КПСС. Я думаю, што зараз ён у раі, сядзіць адзясную бога свайго, камуністычнай партыі, і ціха дрэмле…
 Распавядалі, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны ён партызаніў у Віцебскай вобласці, і таму добра ставіцца да студэнтаў, і асабліва да студэнтак, якія адтуль родам. І асабліва, калі яны з вёскі. Вусна перадаваліся рэкамендацыі, як трэба рыхтавацца да іспыту: ніякай касметыкі, і апрануцца прасцей, "па-калгаснаму".
 Асабіста мне не трэба было прыкідвацца: я заўсёды апраналася ў “калгасным” стылі і касметыкай ніколі не карысталася, не ўмела.
 З гісторыяй у мяне заўсёды былі праблемы:  ніколі не магла запамінаць розныя даты, лічбы.
 …Першым  пытаннем у маім іспытным квітку быў рух працоўных дзевяностых гадоў. Другім пытаннем - праца Леніна на гэту тэму, доўгая назва якой займала два радкі…
 Прачытала я пытанні - і зразумела, што мая справа дрэнь… Нічога не ведаю… Я чытала досыць літаратуры і глядзела шмат фільмаў па тэме, але не канцэнтравала ўвагі на дакладным часе і месцы падзей… Паўстанне на Ленских капальнях. Калі гэта было? Не памятаю. Падзеі ў Арэхава-Зуеве… Калі? І што там было пэўна? Не памятаю… Ні к сялу ні к гораду ўспомніўся фрагмент з фільма, назва якога сцерлася з памяці: п'яны матрос-анархіст ганяецца за хлопчыкам-рэвалюцыянерам, пагражаючы: "…Я заб'ю цябе, лодачнік…". Памятаю, што хлопчык удала збег ад яго…
 …Іду адказваць… У галаве звон ад пустэчы…
 Раптам я ўспомніла сваю школьную настаўніцу па гісторыі, Заліўскую Марыю Антонаўну.
 … І нечакана для сябе сыграла ролю… Я - ужо была не я, а Марыя Антонаўна. Загаварыла яе голасам, натхнёна-патрыятычным, і загіпнатызавала выкладчыка. Ён не слухаў, ШТО я кажу, ён чуў толькі, ЯК я кажу. Пра што казала - і сама не памятаю. Калі справа дайшла да працы Леніна, я паўтарыла некалькі разоў назву, перастаўляючы словы. Вычарпаўшы ўсе магчымыя камбінацыі гэтых слоў, я замоўкла, і стала чакаць прысуду. А ў галаве круцілася "Хоць бы троечку паставіў… Хоць бы троечку…".
 Выкладчык як быццам ачуўся і спытаў:
 - У вас усё?
 - Усё - сказала я сумна. А ў галаве па-ранейшаму: "Хоць бы троечку паставіў… Хоць бы троечку…".
 - Вы з якой вобласці - спытаў ён.
 - З Віцебскай - сціпла сказала я.
 - А якую школу скончылі?
 - Наваполацкую - трошкі схітравала я. Прагучала, як сельскую.
 Ён запоўніў радок у залікоўцы і аддаў мне яе.
 Я хістаючыся выходжу з аўдыторыі, адкрываю залікоўку і падскокваю ад нечаканасці: там было "выдатна". Здаецца мне, што гэта за артыстызм.