Заходни вецер

Варужка Яешня-Тутошня
Заходні вецер

 ***
 Знікла жалезная заслона, якая адлучала Еўропу ад Саюза. І падзьмуў магутны вецер заходняй цывілізацыі, змятаючы з тэрыторыі былога саюзу грувасткія вялікія ЭВМ, замяняючы іх на маленькія, кампактныя амерыканскія персанальныя кампутары, зробленыя ў Кітаі, спачатку простыя і прымітыўныя, але з кожным годам усё складаней і дасканалей.  І зацягвала прастора павуціннем амерыканскага Інтэрнэту.   
 І захісталіся нашы гіганты, НДІ і заводы, якія займаліся вытворчасцю вялікіх ЭВМ.
 Тады мне здавалася, што гэты ўраган ненадоўга: патрасе і супакоіцца. Вытрымае наш інстытут гэту буру. Такі велізарны будынак. І шмат народа тут працуе. І якія патрэбныя ЭВМ мы ствараем. Персанальныя кампутары тады я сур'езна не ўспрымала, лічыла іх прымітыўнымі цацкамі.  І лічыла, што сур'ёзную вялікую працу можна рабіць толькі на вялікіх ЭВМ.
 Але час паказаў, што гэта не так.
 Нікому гэтыя вялікія ЭВМ не былі патрэбныя.

 ***
 І была спроба, не выратавацца нават, а затармазіць маментальны развал, ператварыўшы яго ў запаволены. І купілі машыну IBM, 8261, хоць дакладна лічбу не памятаю. І спакавалі яе ў айчынны металічны корпус, і падлучылі да яе айчынную перыферыю, і назвалі ўсё ў комплексе, прыблізна ЕС-1234.  А можа, і іншая лічба была. Дрэнна я лічбы запамінаю.
 Чым скончылася гэта гісторыя - не ведаю. Можа, яны і цяпер боўтаюцца, спрабуючы штосьці рабіць, а, можа, і не. Наша падраздзяленне, якое займалася раней тэставаннем вялікіх ЭВМ, перавялі на распрацоўку тэлефонных станцый, а потым прадалі заводу, які раней выпускаў праектаваныя нашым інстытутам вялікія машыны.
 І чым толькі завод не займаўся, каб утрымацца на плаву. Выпускалі люстры, збіралі кампутары, прыборы разнастайныя з кнопачкамі, банкаматы, і касавыя апараты, і тэлефонныя станцыі.
 Галоўнае было - затармазіць, па магчымасці, распад.
 І гэты распад доўжыцца ўжо амаль дваццаць гадоў.
 Засталося зусім трохі да фінішу.
 І настрой адпавядае, як "Апошнія дні жыцця на Марсе"