службовая машына

Варужка Яешня-Тутошня
Службовая машына

 Выпрабаванні "жалязкі" ішлі поўным ходам, у тры змены, кругласутачна. І мне сказалі, каб была гатовая: калі спатрэблюся, то за мной прыедзе машына. І я заганарылася, і адчула сябе гераіняй старадаўняга, чорна-белага фільма, за якой раз-пораз прыязджае службовая машына, і вязуць яе туды, дзе аўрал, і без яе ніяк не абыйсціся.
 …І вось машына прыехала, ці то апоўначы, ці то трохі пазней, на гадзіннік я не глядзела. І, вядома, абудзілі ўвесь службовы склад інтэрната. Усе вахцёры, на чале з кашталянам, збегліся паглядзець: хто ў іх тут такі важны жыве, за кім машыны ўначы дасылаюць. У суправаджэнні гэтага эскорту я прайшла да машыны, і мы паехалі, а яны стаялі і доўга глядзелі ўслед, толькі што, хустачкамі не махалі.
 Прыязджаем. Іду на "жалязку", і даведваюся, што сёння я не патрэбна.
 - А навошта мяне прывезлі? - пытаю.
 - На ўсякі выпадак, - адказалі.
 І я паплялася ў свой пакой, з тугой думаючы пра нудную ноч марнавання часу. Паспрабавала спаць седзячы, паклаўшы галаву на стол. Няўтульна, і да таго ж золка.
 І тады, махнуўшы рукой на цяжкасці далёкай дарогі і ноч, я паплялася праз начны Менск у інтэрнат, каб паспаць у звычайных умовах…