У Маскву за вёслами

Варужка Яешня-Тутошня
У Маскву за вёсламі
 ***
 Збіраюся ў Маскву, у камандзіроўку на адзін дзень. Ці то адвезці штосьці, ці то прывезці, не памятаю.
 Падыходзіць да мяне Марынчын прыяцель, Грынь і кажа:
 - Прывязі мне з Масквы вёслы.
 Я ўспрымаю гэта як жарт і пытаюся:
 - Можа, заадно, і лодку. Што там драбязніцца?
 - Лодку ты мне прывязеш у наступны раз… А цяпер - толькі вёслы… Яны лёгкія, складныя, я цябе на вакзале сустрэну.
 ***
 Заходжу ў Маскве ў "Спорттавары".
 - Вёслаў у нас няма, - паведаміла мне прадаўшчыца і дала маленькую кніжачку з тэлефонамі і адрасамі.

 Падыходзіць да мяне добразычлівы грамадзянін і кажа:
 - Давай, дапамагу знайсці.
 Ніякавата неяк было адмаўляцца. Такі ветлівы. Пайшлі мы з ім да тэлефону-аўтамату. Узяў ён у мяне кніжачку з тэлефонамі і пару двушак. Патэлефанаваў раз - не. Другі раз - ёсць.
 І кажа мне:
 - Дай рубель - скажу ў якой краме ёсць вёслы.
 Я абурылася: тэлефанаваў маімі двушкамі, а зараз яшчэ і рубель патрабуе. Як быццам я сама тэлефанаваць па тэлефоне не ўмею.

 - Абыйдуся без вас, - сказала я і паехала па другім адрасе, паказанаму ў кніжачцы.
 …Хоць вёслы былі і складныя і лёгкія, хадзіць цэлы дзень з імі па Маскве было нязручна. Таму павезла я іх на вакзал здаваць у камеру захоўвання. Гадзіны два здавала: па меры вызвалення месцаў.
 І так стамілася, што паехала ў гасцініцу адпачываць да самага ад'езду, заехаўшы па дарозе ў Елісееўскую краму за шакаладкамі, і прагуляўшыся трохі па Арбаце. А на Арбаце - як у тэатры на сцэне, не дамы - а дэкарацыі. І маставая, і машын няма. І бананы прадаюць, якіх у Менску ў той час і ў памоўцы не было. І пах бананавы разносіцца на ўвесь Арбат.
 ***
 Грынь мяне сустрэў, як і абяцаў. Яшчэ з вагона ўбачыла я яго, як ён стаіць на пероне з вялікім букетам. Па складзе букета можна было лёгка здагадацца, што састрыг яго Грынь па дарозе на вакзал з выпадковага кветніка. 
 …Але, якая розніца. Кветкі ўсёткі, прыемна…