Белая лебедзь и гадкае качаня

Варужка Яешня-Тутошня
Белая лебедзь і гадкае качаня

 Маленькая худзенькая Ала Харак нічым не вылучалася ні ў дрэнны ні ў добры бок. Зусім незаўважнае шэранькае гадкае качаня.

 Я сядзела тады з Алай за адной партай. Здаецца, гэта было прыблізна ў трэцім класе, ці чацвёртым. І прыйшла да нас тады працаваць піянерважатай родная цётка Алы, Соф'я Васільеўна. Толькі прозвішча ў яе была іншае, не Кавалеўская. І гэта трохі псавала агульны малюнак. Вось, калі б яшчэ і прозвішча супала… Крута было б. А то, Харак Соф'я Васільеўна не гучыць.

 І была Соф'я Васільеўна чароўнай прыгажуняй. Як прынцэса. І мы ўсё ёй любаваліся. І я дзівілася, чаму у такой незаўважнай Алы такая прыгажуня цётка?   

 А Ала, каб падкрэсліць сваё сваяцтва з гэтай алімпійскай багіняй раптам сказала нейкую дзёрзкасць сваім ціхім сціплым голасам.
 Хоць я сядзела побач з Алай, я нічога не пачула. Астатні клас - тым больш нічога не пачуў.

 Пачула толькі адна Соф'я Васільеўна:

 - Што ты сказала? Паўтары? - грымотным голасам Афіны-Паллады спытала яна.

 Увесь клас са здзіўленнем утаропіўся на ціхую скромніцу Алу. Ніхто не чакаў, што яна здольная на хоць наймалую дзёрзкасць.

 А Ала моцна счырванела, і сядзела моўчкі, сканфужана ўсміхаючыся. Яна была задаволена сабой і сваёй дзёрзкасцю.

 І тут я заўважыла, што яны вельмі падобныя.

 - Нахабніца! - працягвала грукатаць угневаная Гера, - выйдзі з класа.

 І пунсовая Ала паднялася і выйшла з класа. І ў гэты момант яна была прыгажуня, не горш сваёй цёткі.

 А што за дзёрзкасць сказала Ала, ніхто так і не пазнаў.