Ваучыная зграя

Варужка Яешня-Тутошня
Ваўчыная зграя

 - Так цікава на ўроку біялогіі, - распавядала Лілька, - Тамара Апанасаўна прынесла мікраскоп, а потым скальпелем у сябе з рота дастала клетку, жывую, саскрабла і паклала пад шкельца. І мы глядзелі, і ядро бачылі, і абалонку… А яшчэ яна прынесла костку, звычайную костку, з супу, але вымачаную ў кіслаце. Костка была мяккая і гнуткая, як гумка…

 …Праз пару гадоў і ў нас была біялогія. І да нас прыйшла Тамара Апанасаўна з мікраскопам.
 Калі яна з загадкавым выразам твару палезла да сябе ў рот, каб дастаць жывую клетку для прагляду пад мікраскопам, Ўладак грэбліва зморшчыўся і на ўвесь клас сказаў:
 - Ф-ф-у-ууу…
 І гэта так падзейнічала на ўсіх, што ніхто не пайшоў глядзець.
 А потым Тамара Апанасаўна паклала на стол Ўладака костку гумовую. Ўладак скрывіўся яшчэ больш і рабром далоні скінуў костку са свайго стала. Яна, праляцеўшы гарызантальна, пляснулася на стол суседняга шэрагу. Там ёй таксама нападдалі. І стала костка лётаць па класе, як мяч. А Тамара Апанасаўна бегала і крычала: "Аддайце костку!..".

 Добрая была Тамара Апанасаўна, і не злапомная. У Лилькі яна была любімай настаўніцай. І Лільчын клас амаль у поўным складзе хадзіў да яе ў жывы куток у цяпліцы.
 А наш клас сустрэў яе інакш. Да ўрокаў не рыхтаваліся, паколькі заўважылі, што гэта лёгка сыходзіць з рук. Неяк выклікае мяне Тамара Апанасаўна, а я кажу:
 - Забылася… Можна паўтарыць?
 - Паўтары…
 І паставіла мне пяцёрку, пасля таго як я "паўтарыла".
 А трэба б двойку ўляпіць за нахабства.

 У адзін з дзён у нас быў запланаваны культпаход у кінатэатр адразу пасля заняткаў на прагляд фільма "Ваўчыная зграя" па аповесці Васіля Быкава. Квіткі былі набыты загадзя.
 Апошнім урокам у гэты дзень была біялогія. Чым мы тады вывелі з сябе добрую Тамару Апанасаўну, не памятаю. Але яна заявіла: "Дахаты не пойдзеце, пакуль не прачытаеце…"
 - Нам у кінатэатр трэба ідзі, - сказаў Мікола.
 - Ніякіх кінатэатраў!
 - Калі я скажу "тры" - абвясціў Мікола класу, - усё разам устаём і сыходзім. - Раз… Два… Тры!

 Клас дружна ўстаў. Тамара Апанасаўна вытарашчыла вочы і пабегла да дзвярэй трымаць ручку. Трэба б ёй з таго боку засунуць ножку крэсла ў ручку дзвярэй, а яна з гэтага рукой трымала.
 А клас пайшоў на штурм, і хтосьці стукнуў настаўніцу па руцэ. У мітусні не заўважылі, хто. Тамара Апанасаўна заплакала і пабегла да дырэктара. А мы са спакойным сумленнем пайшлі ў кінатэатр.