Аддай цыгарку

Варужка Яешня-Тутошня
Аддай цыгарку

 Валька сядзела за швейнай машынкай, якая служыла ёй пісьмовым сталом, і старанна выводзіла літары ў пропісу.
 Напачатку кожнага радка стаялі хораша аддрукаваныя літары. Валькіны літары дрыжалі, крывіліся, і да таго ж расквіталі фіялетавай шаццю, а старонка пакрывалася дробнымі чарнільнымі пырскамі.
 Валька з агідай глядзела на вынік сваіх неймаверных высілкаў.
 Дзверы расчыніліся і ў шчыліну прасунулася галава трохгадовага Валеркі.
 - Глядзі, - сказаў ён радасна.
 У яго руцэ, паміж двума пальцамі было заціснута нешта, скручанае з абрыўка газеты, і ён з хутка-хутка  то ўстаўляў гэта ў рот, зацягваўся, і зноў даставаў.
 - Аддай цыгарку, - закрычала Валька і кінулася да Валеркі, каб адняць гэту гадасць і выкінуць.
 Валерка не стаў чакаць, і кінуўся ўцякаць.
 Ён бегаў у вялікім пакоі вакол стала і на бягу паліў. А Валька бегала за ім, і ніяк не магла дагнаць. Калі Валерка зразумеў, што вось-вось будзе злоўлены, ён кінуўся ў калідор, у каморку, і засунуў цыгарку ў анучы, якія там захоўваліся, а сам уцёк на вуліцу, на рэчку.
 Валька зазірнула ў каморку. Там, у цемры, сярод ануч, свяціўся чырвоны, круглы, як  зорачка, агеньчык.
 Валька пайшла на кухню і, набраўшы ў шклянку вады, вярнулася зваротна ў каморку і выліла ваду на агеньчык.
 Агеньчык сыкнуў і загас.
 А Валька з пачуццём выкананага абавязку вярнулася да свайго ненавіснага пропісу.
 Праз некаторы час у дзверы пагрукалі. На парозе стаяла цэлая дэлегацыя бабулек суседак.
 - У вас дым з акна валіць, - паведаміла адна. Яны ўсё разам увайшлі ў кватэру.
 З каморкі працякаў шэры дым.
 - Адчыні дзверы, - сказалі.
 Валька прыадчыніла дзверы каморкі, у твар ёй кінуўся такі едкі, такі гарачы дым, што яна тут жа зачыніла дзверы зваротна.
 - Адчыні дзверы! - сказалі больш гучна.
 - Не магу, - адказала Валька.
 Тады яе паслалі ў школу за старэйшымі сёстрамі.
 А самі сталі тэлефанаваць у пажарную і на працу бацькам.
 Што было далей, Валька не бачыла, паколькі ўцякла на рэчку, да Валеркі.
 А старэйшым сёстрам потым дасталася ад бацькоў за пажар.
 А Вальцы з Валеркам нават слова не сказалі.