Валька самадурка
Васьмігадовая Валька і чатырохгадовы Валерка аблазілі горад Наваполацк уздоўж і папярок. Яны не толькі вуліцы, яны кожны дом ў твар ведалі. Нічога ў гэтым дзіўнага не было, таму што Наваполацк у той час быў яшчэ вельмі маленькім мястэчкам, якому не было яшчэ дзесяці гадоў. Неяк іх старэйшая сястра Анька сказала:
- Спрачаемся, ты не ўвесь Наваполацк ведаеш.
- Увесь, - заявіла Валька.
- Ты не ведаеш, як трубы пад зямлёй пракладзены, - пераможна абвясціла Анька.
І Валька вельмі пашкадавала, што ў яе няма такой магчымасці: вывучыць, як трубы пад зямлёй пракладзены…
Ну, дык вось, Валька і Валерка ўвесь час сноўдаліся па ўсім Наваполацку, па рынку, па беразе ўздоўж Заходняй Дзвіны… Збіралі этыкеткі, паперкі, фанцікі, скрыначкі і іншае смецце. Прыносілі ўсё гэта дахаты, і сартавалі, і любаваліся сваімі знаходкамі…
Неяк раз Валька кажа:
- Пайшлі, пагуляем.
- Пайшлі, - пагадзіўся Валерка.
Сабраліся і пайшлі. У Валеркі вакол шыі быў павязаны шалік вузлом назад. І Валька трымала Валерку за вузел, каб ён не ўцёк і не згубіўся.
У гэты раз не паспелі яны адысці ад хаты на некалькі метраў, як у Валькі знікла цікавасць да шпацыру. І яна сказала:
- Пойдзем дахаты.
- Не-а, - запярэчыў Валерка.
Тады Валька павалакла яго сілай. Валерка супрацівіўся, гарлапаніў, і не жадаў ісці дахаты. Валька схапіла яго пад пахі і павалакла. Валерка валокся, гарлапаніў і малаціў нагамі па зямлі. Да іх падышла жанчына і сказала:
- Хлопчык, раз трэба ісці дахаты, значыць трэба, старэйшых трэба слухацца.
Валерка, абураны такі несправядлівасцю, не слухаўся, а загарлапаніў яшчэ гучней.
- Хлопчык, калі ты пойдзеш дахаты, - сказала жанчына, - я падару табе аловак. Бачыш, ён чорны, а калі паслініць, то сінім будзе пісаць.
Валерка супакоіўся і бліскучымі ад слёз вачамі зачаравана глядзеў на чароўны аловак.
…Дома Валерка цэлы дзень маляваў на падлозе сінія гарады чароўным алоўкам…