Дзе цындаль?
Я, з вышыні свайго трохгадовага ўзросту, глядзела ўгару на высокую, худую, сагнутую бабулю (ці прабабулю).
Бабуля хмурыла злосна бровы, але вочы свяціліся па-добраму, ласкава. Бабуля тупала нагой і строга пытала:
- Дзе цындаль?
А я глядзела на яе са здзіўленнем і ніяк не магла зразумець, пра што гэта яна.
І каб асэнсаваць словы, якія яна вымаўляла, я таксама машынальна тупала босай нагой і задуменна прамаўляла:
- Дзе цындаль...
І ўсё адно ніяк не магла зразумець - пра што гэта.
А потым мама вяла мяне кудысьці за руку, а я ўвесь час прыпынялася, тупала нагой і прамаўляла:
- Дзе цындаль, - і ўсё адно нічога не разумела.
- Здзекваецца, - дзівілася мама...