Мая Нарния

Варужка Яешня-Тутошня
Мая Нарнія

 «Нарния, Нарния, Нарния, встань! Потоки, обретите душу! Деревья, ходите! Звери, говорите! И все любите друг друга.»
                Клайв Стейплз Льюис

 Напачатку дзевяностых гадоў я кожны дзень заходзіла ў кнігарню, і скупляла ўсю новую дзіцячую літаратуру. Кошт быў нізкі, але і выбар не вялікі, а кнігарня знаходзілася як раз па дарозе з працы ў дзіцячы сад.
 Так я выявіла тоненькую несамавітую брашурку з дзіўнай назвай: "Конь і яго хлопчык". Побач яшчэ ляжала тры брашуркі, аформленыя ў падобным стылі. І на кожнай уверсе значылася "Хронікі Нарніі".
 І я вырашыла купіць адну казку, і калі спадабаецца, то - тады і іншыя…
 Чытала я гэтыя казкі ў выпадковай паслядоўнасці.
 Запомнілася: было лета, Сашу трэці год ідзе, мы з ім у парку Чалюскінцаў. Ён гуляе на дзіцячай  пляцоўцы, я - на лаўцы чытаю "Лёў, вядзьмарка і адзежная шафа". Сонца ярка свеціць, цёпла, радасна.
 І калі дачытала да "Трыўмфу вядзьмаркі", толькі тады зразумела, пра што і пра каго гэтая кніга. Гэта было як адкрыццё. Дух захапіла.
 Трэба было ісці дахаты. У тралейбусе я выявіла, што кнігу я дзесьці пасеяла. Ці то на лаўцы забылася, ці то міма торбы паклала.
 Адчайна прыкра. Не дачытала. І пакутавала па гэтай нагодзе, пакуль на наступны дзень не зайшла ў краму, каб яшчэ раз купіць гэту ж брашурку.
 Так я прачытала ўсе сем казак у выпадковым парадку. І ў галаве была каша з гісторый і падзей.
 Затым  прачытала ў тым парадку, у якім яны былі пералічаны.
 Затым яшчэ раз перачытала.
 І  яшчэ…
 І яшчэ…
 І, не ведаю, колькі разоў перачытвала. Памятаю, што, прачытаўшы апошнюю казку, тут жа пачынала зноў чытаць першую.
 І сышла напалову з нашага свету ў Нарнію. Хадзіла па Менску, і ўсё здавалася такім агідна шэрым, што глядзець не жадала. І не глядзела. А ўвесь час глядзела ў Нарнію. І светла і радасна станавілася ад  гэтага сузірання…