Не рубиця, мужуки

Варужка Яешня-Тутошня
Не рубіця, мужукі

 У дзіцячы сад я вазіла Сашу на дваццаць дзявятым аўтобусе з ускраіны ў цэнтр. Пяцьдзесят хвілін сыходзіла на дарогу.
 Раніцай у аўтобусе ён звычайна спаў у мяне на руках.
 А ўвечар па-рознаму здаралася. Калі не спаў, то спяваў песні, на ўвесь аўтобус. Пенсіянеры замілоўваліся, слухаючы, як ён спявае "Кацюшу" ці пра зялёнае мора тайгі.

 Аднойчы ён зацягнуў папулярную ў той час песню. Атрымалася ў яго так:

                Не юбіце музюкі, не юбіце,
                Не юбіце деева, не юбіце,
                Ядзі незізька яця,
                Не юбіце яяця,
                Не юбіце музюкі, не юбіце…

 …Бітком набіты аўтобус. Над намі навісае сцяной некалькі чалавек, чапляючыся за поручні. А Сашка, на пярэдняй сядушцы, сядзіць у мяне на руках, бестурботна гарлапаніць на ўвесь аўтобус, боўтаючы нагамі:
          
                …Не юбіце музюкі, не юбіце …

 Адна жанчына не вытрымала і спытала:
 - Чыё гэта дзіця так нема гарлапаніць?
 Сашка нахмурыўся тут жа і кажа мне пакрыўджаным шэптам:
 - Я спяваць хацю.
 - Спявай, хлопчык, спявай, - ласкава сказала другая жанчына.

 І Сашка зноўку завёў:

                …Не юбіце музюкі, не юбіце …