Кали мне было шэсць гадоу

Варужка Яешня-Тутошня
Калі мне было шэсць гадоў

 У дзяцінстве свае ўспаміны я заўсёды пачынала словамі: "Калі мне было шэсць гадоў…". Маёй старэйшай сястры Лілі гэта надакучыла, і яна з'едліва заўважыла : "Я бачу, усе адметныя падзеі ў тваім жыцці здарыліся, калі табе было шэсць гадоў". Я здзівілася: хіба я вінаватая ў тым, што, пра тое, што я жадаю распавесці, здарылася менавіта тады, калі мне было шэсць гадоў?
 Ну, дык вось, калі мне было шэсць гадоў, мяне ўлетку адправілі ў вёску да татавай сястры. Яна там жыла разам са сваёй маці, а маёй бабуляй, якой у той час было амаль сто гадоў. Неяк бабуля і кажа мне:
 - Я буду нудзіцца па табе, калі ты з'едзеш. Увосень мы зарэжам цяля. Ці жадаеш, каб я табе мяса даслала?
 …Я ўспомніла карціну: у гастраном завезлі ялавічныя хвасты. Жанчыны раўчуком уцякалі туды і выцякалі зваротна з пучкамі гэтых хвастоў. Я тады падумала, а чаму мая мама ніколі іх не купляла?..
 І я папрасіла:
 - Бабуля, прыйшлі мне хвост.
 …Цэлы год я чакала пасылкі, але так і не дачакалася… І пакрыўдзілася…
 …Пазней, калі я вырасла, мне тата распавёў гэту гісторыю са слоў бабулі:
 - Ты не глядзі, што твая Валька малая, яна ўсё разумее. Яна адразу ўбачыла, што ў мяне тут ніякіх правоў, што я тут не гаспадыня. І папрасіла мяне даслаць хвост, падкрэсліўшы, што ты, бабуля, нават хваста не можаш даслаць, а чагосьці абяцаеш…
  …А я цэлы год чакала гэтага хваста…
 … Калі мне было шэсць гадоў, я лічыла расу сапраўднымі дыяментамі, і была ўпэўнена, што калі вельмі хутка зайсці вельмі далёка, то яны не растануць…
 …Калі мне было шэсць гадоў, я вырашыла дакапацца да Амерыкі. На гародзе ў бабулі пачала кансервавым слоікам капаць ямку. Нажаль, мне гэта хутка надакучыла. І да Амерыкі я не дакапалася.
 Калі мне было шэсць гадоў, я адправілася ў кругасветнае вандраванне. Выйшла за межы вёскі. А там, на поплаве пасвіўся статак авечак, побач з якім сядзеў пастух і выразаў з палачак свістулькі. Ён падарыў мне адну свістульку. У гэты момант я ўбачыла ўдалечыні сваю цётку і хутка схавалася ў кусты. З кустоў я бачыла, як цётка падышла да пастуха, і ён мяне не выдаў. Ён паказаў зусім у другі бок, не туды, куды я схавалася. І цётка пайшла зваротна. Калі яна знікла, я таксама пайшла дахаты, таму што цікавасць да кругасветнага вандравання ў мяне таксама знікла…
 …Потым цётка на мае тлумачэнні, дзе я была, сказала:
 - Дзе ёсць, там няма, дзе няма - там сама…